Читать «На ростанях» онлайн - страница 16
Якуб Колас
Саханюк і бацюшка засмяяліся.
— Не, я ўжо зусім страціў там ласку, дзякаваць Богу.
Айцец Кірыл засмяяўся яшчэ грамчэй.
— Наш настаўнік кажа: «Не на таго прасцяка напалі!» — сказаў ён.
— Апрача таго, я чуў, што ў яе жаніх ёсць ужо.
— Ці мала на свеце дурняў,— зноў дадаў а. Кірыл.
Матушка вяла сваё:
— Ну, то што? Хіба жаніхам свіней не падкладаюць?
— Гэта было б не па-хрысціянску.
— Затое ж па-кавалерску.
— З паліцыяй мець справы небяспечна,— зазначыў а. Кірыл.
— Глуш там у вас, вучыцелька!
— Усе вы, панове, у глушы жывеце, а глушы баіцеся. I ў глушы людзі жывуць. Мне, матушка, нават падабаецца такая глуш.
— Праўда, у пана падлоўчага дочкі падрастаюць,—гнула матушка сваю лінію,— і кажуць, старэйшая вельмі прыгожая, ужо зусім паненкаю выглядае.
— Не ведаю: не быў у іх.
— Што гэта вы так мала паненкамі цікавіцеся?.. О, хітруеце вы, вучыцелька!
— Ёсць тут цікавіцца чым,— зноў буркнуў а. Кірыл.
Матушка ўстала, узяла папяросы, сама закурыла і гасцей патрактавала. Айцец Кірыл не курыў, але набіваць папяросы любіў і цяпер узяўся за гэту работу.
У пакой увайшла служанка — паляшучка, крэпкая чырванашчокая дзяўчына.
— Да вас, бацюшка, Апанас Каваль прыйшоў; просіць хворую прычасціць.
— Хто ў яго хворы?
— Жонка.
— Скажы, зараз іду,— сказаў а. Кірыл.— Я скора вярнуся — тут блізка, а вы, калі ласка, пачакайце мяне,— звярнуўся ён да гасцей.
Айцец Кірыл надзеў цёплую расу, узяў крыж і ўсе патрэбныя рэчы і выйшаў.
— Эх, папоўская служба! — уздыхнула матушка.— Нават і адпачыць няма калі. А ён слабы, хворы, ногі чуць цягае. Народ у нас, вучыцелька, грубы, дзікі. Вось вашы, вучыцелька (слова «вучыцелька» матушка выводзіла ласкальна ад «вучыцель»), цельшынцы зусім іншыя людзі. А нашых вам ніхто не пахваліць. Вы ведаеце такое здарэнне? Айцец Кірыл — гэта ўжо гады два таму назад — быў на сенакосе. Распусціў сена, сушыць. А едзе адзін наш — ёсць тут такі грубіян — проста па бацюшкавым сене! Айцец Кірыл і кажа, падышоўшы: «Ці табе, кажа, дарогі няма, ці не можаш аб’ехаць, што ты па сене з канём топчашся?» А той, нічога не гаворачы, схапіў бацьку за валасы і давай церабіць! Прыходзіць мой бацюшка; як глянула ж на яго — аж у яго каўтунікі павырываны! Так і лезуць, так і лезуць!
Матушка апавядала гэта проста, нават з нейкім гумарам.
— Народ наш, трэба сказаць праўду, грубы, дзікі. Аднаго толькі ўрадніка і баяцца, аднаго яго паважаюць. А хто ўжо лепш можа дагадзіць ім, як не а. Кірыл? — зноў казала матушка.— I зямлю ім аддаў, і сенакос, і лякарствы дае, і добрым словам памагае. Ніколі ні ў чым ім не адмаўляе.
Праз паўгадзіны вярнуўся а. Кірыл, утомлены і хмурны.
— Ну, як жа іх, гадаў, не лаяць? — у гневе прамовіў а. Кірыл.— Чорт ведае чым кормяць хворую, і гаворыш ім, прыказваеш, не — сваё робяць!.. А гразь!.. Свінні, свінні!
Крыху супакоіўшыся, а. Кірыл сказаў да матушкі ціха:
— Зашлі ты ёй цераз Параску чаго.
— А ўсё-такі, а. Кірыл, вы многа лепшы за тых, хто пра народ гаворыць высокія словы.
Айцец Кірыл махнуў рукою.
— Вось што, дрýгі: будзем абедаць.
VII
Дзервяная сцяна аддзяляла кватэру Лабановіча ад школьнае залы, і, каб папасці туды, трэба было толькі адчыніць нізкаватыя дзверы. Як толькі разднела і ўзышло сонца, пачалі збірацца вучні. Кожны іх крок, кожны рух і вымаўленае слова чуліся ў кватэры настаўніка.