Читать «На ростанях» онлайн - страница 13

Якуб Колас

— Лабановіч, цельшынскі педагог.

— Вельмі прыемна,— сказала Марыя Пятроўна.— Сядайце, калі ласка!

Лабановічу здалося, што яна чымся ўгневана. «Ці не Саханюком, які шукае свайго шчасця не тут, блізка, а дзесь за сем вёрст, што яна з ім крыху неласкавая?» — падумаў Лабановіч.

— Ну, як вам падабаецца наша месца? — спытала пісаранка.

— А нічога. Месца вельмі добрае, і мне наогул падабаецца Палессе.

— А вось вашаму калегу яно падабаецца мала.

— Не скажэце,— адказаў Саханюк.— Каб гэта была праўда, то пяць год я не выседзеў бы тут.

— Калісь падабалася,— сказала Маня і ледзь уздыхнула.

Увайшла сярэдняя дачка, Саша, зусім не падобная да сястры. Яна была шчаслівейшая ад яе, бо мела жаніха ў асобе тутэйшага ўрадніка. Зараз жа за ёю ўвайшла і трэцяя сястра, Ніна. Самая малодшая, Вольга, вучылася ў горадзе, і яе цяпер не было дома.

Лабановіч чуўся не па сабе ў кампаніі дзяўчат і не трапляў падтрымаць з імі гутаркі. Ён толькі адказваў на іх пытанні, адказваў сур’ёзна, што не падабаецца паненкам такога стану, якія звыклі, каб іх забаўлялі, жартавалі з імі і малолі гарох і кашу, абы было смешна.

— А вы спяваеце? — спытала яго Саша.

— Не. Спяваю няважна,— адказаў Лабановіч, і ў вачах яго бліснуў ледзь прыметны смех,— за практычную лекцыю па спевах у семінарыі наш Костка ледзьве тры з мінусам паставіў.

— Якая костка? — здзівілася старшая пісаранка.

— Выбачайце, не якая костка, а які Костка,— паправіў яе Лабановіч.— Гэта ў нас быў такі настаўнік у семінарыі, які выкладаў спевы і меў прозвішча Костка.

— Не,— адказала Саша,— я не пра такія спевы пытаюся. Вы маглі даць няўдалую лекцыю, але гэта не можа пашкодзіць вам самім праспяваць, ну, напрыклад, раманс.

— Крый мяне Божа! — засмяяўся Лабановіч.— Каб я яшчэ рамансы спяваў. I сам не спяваю, і не люблю, калі хто іх спявае. Іншая справа паслухаць добры хор.

Такім адказам Лабановіч прыпыніў усякія запытанні ў гэтым кірунку: змоўклі паненкі, маўчаў і ён.

Размова павялася між паненкамі і Саханюком аб справах другога зместу, аб іх знаёмых, адным словам, пачалося пераліванне з пустога ў парожняе.

Некаторы час Лабановіч слухаў, а потым падняўся, папрасіў прабачэння і стаў развітвацца.

Яго не затрымлівалі, хоць з далікатнасці папрасілі заходзіць.

«Дудкі,— казаў сам сабе Лабановіч, выходзячы ад паненак,— не скора я тут буду».

Разам з ім выйшаў і Саханюк.

— Ну, як вам, калега, спадабаліся паненкі?

— Ну, што ж? Дзяўчаты як дзяўчаты. А вось што я не спадабаўся ім, дык гэта ясна.

— Чаму вы так думаеце?

— Тут і думаць няма чаго. Перш-наперш не сказаў кампліментаў і не ўмею казаць іх. Можа б, і прыдумаў, але не асмельваюся вымавіць, далей, не пахваліў нічога з іх работы, не заспяваў раманса і наогул нічога не патрапіў сказаць у тон.

I ён не памыляўся. Як толькі настаўнікі сышлі з ганка, першая Саша сказала: