Читать «На ростанях» онлайн - страница 14

Якуб Колас

— Ну і мяшок! Як для Цельшына, дык лепшага і не падбярэш.

— Зусім неачэсаны: так і відаць, семінарыст, гатовы кашлянуць і зацягнуць: «Благаславі, душэ мая, Госпада»,— аклікнулася Маня.

Настаўнікі тым часам ішлі да бацюшкі. Дарогаю Саханюк паказваў, дзе хто жыве і чым хто выдацен. Вось у гэтым дворыку жыве фельчар Гарошка, удавец, сышоўся з адною паляшучкаю і сам апаляшучыўся. Сын яго, Максім, вучыўся ва ўсіх школах Пінска, але ні аднае не скончыў, а з апошняе, з духоўнага вучылішча, проста ўцёк. Цяпер ён сядзіць на бацькавай шыі. Уцёк жа ён з тае прычыны, што ў гэтых школах не вучаць нічому такому, што адпавядала б яго шырокай натуры, якая знайшла здавальненне ў гарэлцы, картах і іншых забаўках вясковага лабатраса. Цяпер ён бярэ курс на дзяка або на памочніка валаснога пісара. Але пакуль што гэта толькі добрыя намеры.

Бацюшка, яшчэ малады, крыху хваравіты, нікуды не ходзіць, але любіць, калі да яго заходзяць. Матушка была раней настаўніцай, кабета вясёлая і добрая, вельмі любіць пагуляць у стукалку.

Вось гэты дом з садам, першы ад царквы, і ёсць пасада бацюшкі.

Так непрыметна настаўнікі дайшлі да веснічак бацюшкавага двара.

VI

— Міласці просім, міласці просім,— прамовіў а. Кірыл і борздымі крокамі патрусіў да дзвярэй насустрач гасцям і стаў памагаць ім раздзявацца; сам першы паздароўкаўся з Лабановічам, папрасіў настаўнікаў садзіцца, сам падстаўляў ім крэслы і наогул выказаў вельмі многа прыветнасці і ўвагі, нават радасці і дабраты.

Айцец Кірыл быў чалавек яшчэ малады, нізенькі, шчупленькі, худзенькі, з рэдзенькаю цёмнаю бародкаю і жывымі, крыху неспакойнымі цёмна-шэрымі вачамі. Адбітак нейкай мукі адзначаўся на яго худым твары. Гаварыў а. Кірыл громка і борзда, часта смяяўся ад душы, але радасці, гэтай галоўнай уласцівасці здаровага смеху, не чулася. I варта было хоць на хвіліну яму сціхнуць, каб зараз жа цень смутку лёг на яго твар.

— Даўно ж вы прыехалі ў Цельшына? — запытаў Лабановіча а. Кірыл.

— А ўжо скора тыдзень будзе, а. Кірыл.

— Што, не думалі, пэўна, папасці ў такую глуш? — зноў запытаў а. Кірыл і громка засмяяўся.

— А вы ведаеце, а. Кірыл,— сказаў Саханюк,— калега знаходзіць, што ў нас тут большая глуш, чым Цельшына.

— I праўду кажа, чыстую праўду,— пераконана прамовіў а. Кірыл.— Тут у нас такая яма, такая, выбачайце, памыйніца, што другой такой на свеце няма.

— Калі я казаў, што ў вас, калега, большая глуш, то меў на ўвазе, што вы жывеце далей ад чыгункі. Якая б ні была сама па сабе глуш, але калі ты чуеш гудок паравоза, шум вагонных колаў і бачыш гэтыя роўныя або прыгожа закругленыя палоскі жалеза на шпалах, то не так тужліва адчуваеш адарванасць ад людзей і культуры, бо чыгунка з’яўляецца як бы жывым вобразам непарванай сувязі з людзьмі.

— Калі ж вы думаеце пачынаць работу ў школе?

— А вось я і хачу прасіць вас, а. Кірыл, прыехаць на гэтых днях у маю школу на малебен. Так бы з аўторка і пачаў.

— Не спяшайцеся,— махнуў рукою а. Кірыл.— Вы думаеце, яны, гэта быдлё, зразумеюць, што вы для іх будзеце старацца, вучыць іх? Вы не ведаеце мужыка: зрабі яму дабро — ён адплаціць табе самай чорнай непадзячнасцю. Мужык — гультай, злодзей, п’яніца. Толькі і глядзіць, як абадраць цябе, ашукаць. Ніякай веры няма яму. Ён гатоў цябе ўтапіць, прадаць за чарку гарэлкі. Іх трэба ўзяць — во! — Айцец Кірыл згарнуў кулакі і патрос імі, паказваючы, як трэба трымаць мужыка.