Читать «На ростанях» онлайн - страница 17
Якуб Колас
Яшчэ ўчора прайшоўся стараста Раман Круглы па вёсцы, заказваючы сялянам пасылаць у школу дзяцей. То таму, то другому, спаткаўшыся на вуліцы, гаварыў ён:
— Пасылайце заўтра дзяцей у школу!
Пры гэтым стараста рабіў сур’ёзную міну і, наогул, меў начальніцкі выгляд. Яго чырвоны кажух з шырокім, як засланка, каўняром з’яўляўся ў розных месцах вуліцы. Калі патрэбныя старасту асобы не сустракаліся, ён падыходзіў да акна, стукаў пальцамі ў шыбы:
— Гэй, Кандрат! Падыдзі-тка сюды!
Калі Кандрата не было ў хаце, стараста падзываў Алену або Параску і таксама строга казаў:
— Пасылайце заўтра дзяцей у школу!
Выпаўніўшы свой абавязак, Раман зайшоў у школу.
— Дома паныч? — ціха запытаў Раман старожку.
— Дома, стараста, дома! — крыху нараспеў прамовіла бабка.
Лабановіч чуў гэту размову.
— Заходзьце, стараста, заходзьце!
Стараста разы два затрубіў носам. Дзверы ад кухні рыпнулі. Адна палавіна іх адчынілася, а другая затрэслася ад націску шырокага пляча старасты.
Ступіўшы крокі два, Раман перайшоў увесь пакоік-спальню і апынуўся на парозе другога. Кожны яго крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю, а на велізарных лапцішчах ён нёс столькі гразі, што добраму гаспадару і на сахор не выбраць.
— Ну, як маецеся, стараста?
— Хвала Богу; паныч як здароў?
— Вось што, стараста: не называйце вы мяне панічом, бо я не паніч, і бацька мой такі ж самы мужык, як і вы.
Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго связістае і дзябёлае тулава.
Стараста, па звычаю ўсіх палешукоў, меў доўгія валасы. Рыжая бародка, вузкая і выгінастая, і крыху хмурны погляд спадылба рабілі старасту падобным да званковага караля. Звярнуўшы ўвагу на яго здаравецкі склад, на шырокую расхлістаную грудзіну, на якой яшчэ значыліся сляды летняга загару і адбіткі вятроў, Лабановіч мімаволі ўспомніў яго бацьку Рыгора, які, як зазначыў Сцяпан Рылка, браў старасту на рукі, як хлапчанё.
«Крэпкі народ, хоць і жыве ў балотах»,— падумаў Лабановіч.
— Дык ужо вучыцімеце?
— Так, стараста, трэба пачынаць.
— Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу.
— Чаму ж толькі хлопцаў? Трэба, каб і дзяўчаткі хадзілі.
— Дзе яны пойдуць? — махнуў рукою стараста.— Скажы ім пра школу, дык будуць смяяцца: вельмі дзіўным ім гэта пакажацца. Хоць бы хлапчукі ўсе пайшлі.
Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае.
Стараста слухаў, прыплюшчыўшы вочы, і толькі згаджаўся:
— Гэта так, панічок...
— Гэта вы справядліва кажаце.
— А вядома, так.
— Што праўда, то праўда.
Але настаўнік бачыў па твары старасты, што ўсе аргументы зусім не пераконвалі яго ў тым, што дзяўчатам трэба навука. Што навука трэба мужчынам (а навуку стараста разумеў як уменне чытаць, пісанне ж — ліха яго бяры, без яго можна абысціся лягчэй!), стараста не спрачаўся. Справа службы вымагала хадзіць у воласць. А там надаюць яму цэлую кучу розных папер і загадаў. То трэба было павесткі на суд даставіць па прыналежнасці, то нядоімку сыскаць з каго, то лісты перадаць.