Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 27

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Пра вас з Санькам і куры шэпчуць,— не дала мне дагаварыць бабка.— Вам толькі цацкі тыя ў кішэнях цягаць.

Цацкі. Па яе выходзіць, што і гранату не паглядзі, і патрон не падымі. А калі падняў і паглядзеў, дык ты ўжо і не чалавек — ветрагон. Мы ёй з Санькам дакажам, якія мы ветрагоны. Вось зробім лепшыя на ўсё сяло жорны, тады яна паглядзіць.

— Пагляджу, пагляджу,— паабяцала бабка, але па ўсім відаць, што ніводнаму слову не паверыла.

У той жа дзень мы з Санькам узяліся за справу. Спачатку доўга спрачаліся, якія павінны быць тыя жорны: такія, як у дзядзькі Скока, ці такія, як у Мамулі.

У дзядзькі Скока жорны — драчка. Калі паглядзець, дык там і рабіць няма чаго. Трэба толькі ўзяць услон і ўмацаваць пасярэдзіне яго невялікі слупок. Потым трэба знайсці дзіравае вядро, выразаць з яго бляху ды цвіком часта-часта набіць у ёй дзірак. Атрымаецца драчка. Калі той драчкай абгарнуць слупок і прыбіць яе цвікамі, то можна смела лічыць, што палавіна жорнаў ужо ёсць. Застаецца толькі знайсці яшчэ адно вядро, зрабіць яшчэ адну драчку, а з той драчкі сагнуць трубу — вось табе і другая палавіна. А тады ўжо раз плюнуць: адзеў тую калючую трубу на калючы слупок, прымацаваў ручку і круці сабе на здароўе. Зярняты паміж дзвюх драчак умомант ператвараюцца ў муку. Гэта табе не таўкач.

Усе гэтыя хітрасці нам у двух словах растлумачыў большы Скачок — Лёшка. Не паспеў ён і носам шморгнуць, як мы ўжо ўсё зразумелі. Больш таго — Лёшка дазволіў нам крышку і памалоць за яго.

Мы ўскочылі верхам на ўслон, адзін — з аднаго боку, другі — з другога, ухапіліся за выслізганую далонямі ручку, і жорны зашыпелі, затрашчалі, заскрыгаталі, ажно пабег па спіне мароз. Праз якую хвіліну ў нас змакрэлі лбы, і мы так дыхалі, што мука з услона разляталася па ўсіх сенцах.

Цяжкі млын у дзядзькі Скока. Цяжкі, затое спорны: колькі мы тут пасаплі, а цэлага карца збожжа як і не было. Будзем і мы рабіць драчку.

Але бабка нас хутка астудзіла.

— Драчка-хварабачка! — накінулася яна на мяне з Санькам.— Услон я вам псаваць не дам. Не будзе ні жорнаў, ні ўслона. Майстры знайшліся!

Але нас не так проста спыніць, калі мы што задумалі. Мы — народ упарты. Не хоча бабка драчкі — зробім жорны, як у Мамулі. Вось паглядзім, што там за яны, і самі такія зробім.

Мамуля славіцца на ўсю вёску як вялікі майстар. Самавар запаяць, пілу развесці, гадзіннік наладзіць — усё ён умее. Да вайны Мамуля працаваў на чыгунцы і кожны вечар, вяртаючыся дахаты, цягнуў якое-небудзь жалеззе: то кола, то шасцярню, то медную трубку, то нізку гаек на дроце. Да вайны ў яго быў матацыкл. Праўда ці не, а гаварылі людзі, што самаробны. Калі Мамуля заводзіў матор, той грукатаў на ўсю вёску, як танк, страляў, нібы гармата, і пускаў такі густы дым, што нельга было разгледзець ні матацыкла, ні яго гаспадара.

Мамулеў Васька хваліўся, быццам яго бацька можа зрабіць і самалёт, абы толькі было жалеза. Дык ці варта здзіўляцца, што і жорны ў яго славяцца на ўсю вуліцу? Кожны, хто ў іх малоў, не мог нахваліцца: вось жорны дык жорны — за паўгадзіны фунтаў пяць можна накруціць. А калі пастарацца, то і шэсць. I мука як сапраўдная.