Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 42

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Марыся. Калісьці мне здавалася, што я кахала цябе... Потым з’явіўся той, але зараз я кахаю цябе сто разоў. Чаму ты не сядзеш зараз тут, поруч? Андрэй.

Андрэй. Не трэба. Я ж даў табе слова.

Марыся. Андрэй, о Андрэй!

Андрэй. Маўчы, не вырывай з мяне гэтага апошняга слова. Я ведаю, тут не я, а абставіны. Я не дарую сабе гэтага.

Марыся. Андрэй, ты павінен падысці.

Андрэй падышоў і сеў непадалёку. Марыся абняла яго, Андрэй зрабіў спробу вызваліцца.

Не адштурхні мяне ў гэты апошні час.

Андрэй. Каханая! (Прыпаў да яе вуснаў.)

Марыся. Ты разумееш? Якія ў цябе прыгожыя, мяккія валасы, якія моцныя рукі. Ну... Павінна ж я выправіць апошнюю маю памылку на гэтай зямлі. Забудзем гэта! Каханы мой, любы.

Зацямненне. Цякуць хвіліны. У гэты час адны страляюць у другіх, чалавек павісае на калючых дратах. Гэтых таксама павядуць на страту, але ўсё забыта. Цемра. За акном гукі летняй ночы, спявае салоўка, быццам няма муроў, кратаў, быццам вакол галіны і месячнае святло ляжыць на люстры ракі. І зноў святлее. Марыся ляжыць на грудзях Андрэя. Зноў краты. Але рука ляжыць у руцэ, твар Андрэя на валасах Марысі.

Марыся. Гэта – шчасце. Цяпер я ведаю. I засталіся, можа, якая гадзіна ці дзве. Як многа, калі ты поруч, калі я адчуваю кожную клетку цела твайго. Ты ахінуў мяне ўсю.

Андрэй (страсна). Марыська, любая, я не чакаў, не спадзяваўся. Нашто, чаму я такі шчаслівы?! Усё знікне, толькі мы адны, збітыя, абылганыя, мы застанёмся навекі. Вось яны, вусны твае, косы твае, твае сумленныя, добрыя вочы. Дарагая мая, дарагі мне чалавек! Навекі, навекі з табою, за кожную кроплю крыві тваёй – хоць на крыж.

Марыся (прыціснулася бліжэй да Андрэя, уздыхнула). Табе я б дала мора шчасця, толькі табе. Я б цябе кахала, я б цябе доўга, вельмі верна кахала, скупіла б усё.

Андрэй. А я б не даў ніводнай слязе змачыць гэтыя вейкі. Ніцая мая, ясачка мая, няўжо ёсць шчасце без гэтага жудаснага прывіду... I няўжо такія шчасныя людзі сварацца? Любая мая, яліначка.

Марыся. Ты быў бы вельмі шчаслівы. Я ж не вінаватая, што яны забілі мяне тут, ля парога нашага шчасця, ля парога жыцця... Усяго толькі за стары млын мы памрэм, але як мне лёгка, як лёгка!

Андрэй. Нічога, гэты стары млын, гэта наша радзіма, наша зямля, і мы біліся за яе год. Хто скажа, што мы дрэнныя воіны? Прыйдзе Радзіма і пабачыць нас не на полі бітвы, але таксама параненых. I скажа: вось ляжаць лепшыя дзеці мае, надзея мая. Яны біліся, яны перамаглі.

Марыся. Сонца будзе. Будуць дзеці святкаваць Кастрычнік альбо Май. Дрэвы, кветкі, дзеці! Што будзе праз пятнаццаць – дваццаць – трыццаць год. Яны напэўна будуць вельмі шчаслівыя. Але няхай і не вельмі шчаслівыя, – няхай аглянуцца на нас. А потым будзе Камуна! Якая белая, якая блакітная, якая ззяючая далячынь! Маглі б і мы быць там. Вось я саджаю ў гародзе капусную расаду... А дзіцёнак, твой дзіцёнак, нябачны, ідзе за мною і выскубвае яе за маёй спіною сваімі пальчыкамі. (Заплакала.) Ніколі, ніколі не будзе гэтага, не будзе гэтага дзіцёнка.