Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Млын на Сініх Вірах

Гераічная драма ў чатырох дзеях, васьмі карцінах

Дзеючыя асобы

Цыкмун Асінскі, млынар – 50 год.

Тэкля Каваль, яго сваячка – 56 год.

Марыся, дачка Цыкмуна – 18 год.

Андрэй Лаўрановіч, студэнт – 20 год.

Віктар Сміхальскі – 24 гады.

Каляда, пісьменнік, старшыня гарвыканкома, потым камісар атрада – 40 год.

Пятро Лаўрановіч, бацька Андрэя, камандзір партызанскага атрада – 42 гады.

Апанас Жаўрук – 56 год.

Пан Елпідзіфор Дзюбка, загадчык музея, пасля “камерсант” – 45 год.

Баба Ерэтычка, самагоншчыца – 48 год.

Высакародны злодзей – няпэўных год.

Трубайла, былы шляхціц – 43 гады.

Граф Адлерберг, камендант горада – афіцэр у гадах.

Бернгард Швальбе, камісар гестапа – 30 год.

Фон Ранцоў, маёр – 32 гады.

Зігфрыд Ільзенвельдэ, гаўптман – 26 год.

Генрых Штаркенфауст, Вольфганг Ламсдорф і Фердынанд Эверт - афіцэры.

Нямецкі ўрач.

Лірнік.

Народ на кірмашы, партызаны, вартавыя, нямецкія салдаты, людскі натоўп на барахолцы.

Дзея адбываецца ў ваколіцах маленькага раённага гарадка, загубленага ў глухіх лясах, у 1941–1942 гг.

Дзея першая

Стварылі вас не для жывёльнай долі, –

Для доблесці і ведаў. Людзі вы!

(Дантэ. “Пекла”. XXVI, 118 – 120)

Карціна першая

Кабінет старшыні гарвыканкома. Вялізны пакой, вельмі светлы, з двума квадратнымі вокнамі, за якімі панарама горада. Звычайнае кабінетнае абсталяванне: вялікі стол, крэслы. Двое дзвярэй: адны налева – выхад, другія направа – у зал. Карта на сцяне. Вельмі ціха і спакойна, але нешта не так, як заўсёды: папера на рэпрадуктары прадзёртая, з адчыненага сейфа на падлогу вывалілася купа паперы, фіранка вырываецца з акна на вуліцу, як сцяг. Відаць, што па пакоях гуляе пройма. Толькі пасля далятаюць здалёк гукі кананады. Ля акна Каляда і Пятро Лаўрановіч. Маўчаць. Кураць. I раптам гучны, злёгку асіплы голас з рэпрадуктара.

Голас з рэпрадуктара. Увага! Увага! Грамадзяне горада! На ўсходняй аколіцы ідуць баі. Палае горад! Палае горад! Грамадзяне горада, усе, хто можа трымаць зброю, ратуйце горад...

Лаўрановіч. Горад вырашылі здаць?

Каляда. Так. Утрымаць няма магчымасці... Жах бярэ глядзець на адступаючых. Чорныя ўсе, раненых вядуць... Немагчыма, ну немагчыма ж без дапамогі, без боепрыпасаў.

Лаўрановіч. А радыё яшчэ трымаецца?

Каляда. Там, напэўна, ужо немцы блізка, але яшчэ трымаецца. Гэта дыктар наш, Ветка, сепаратна сядзіць там... Кажа, што не пойдзе стуль. Яму ўсё добра відаць, вышэйшага месца за радыёвузел у горадзе няма. Зусім дрэнна, браце. На Ленінскай склады палаюць, нехта разбіў, дзе-нідзе грабёж там пачаўся. Напэўна, зладзеі...

Голас. Грамадзяне горада! Калісьці вашы продкі не пусцілі за гарадскія муры Іасафата Кунцэвіча, драпежнага ваўка, навялі на яго гарматы і наказалі пайсці прэч. Будзьце вартымі іхняй славы! Браты! Сёстры! Бацькі! Сыны! Таварышы! Бярыце зброю! Заходняя станцыя ледзь трымаецца.

Каляда. Калі прыйдуць людзі па справе з млынам?

Лаўрановіч. Прызначылі на трынаццаць гадзін.

Каляда. Добра. Пакуль тое будзе, паклічце Дзюбку.

Лаўрановіч выходзіць і вяртаецца з Дзюбкам.