Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 41

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Швальбе (выцірае пот). Д-добра. Ён зараз знаходзіцца ў стане экзальтацыі. Я пагляджу, ці так ён будзе адказваць заўтра. Адвядзіце іх у гэты пусты свіран, пастаўце самую моцную варту. Іх не навучылі мае кулакі – іх навучыць апошняя бяссонная ноч. I запамятайце, калі не перадумаеце, дык з першымі праменнямі сонца вас будзе чакаць страта. Добра?

Андрэй. Дарэмна стараецеся. Адказ будзе той жа. Наш хлеб – гэта горкі хлеб, хлеб з крывёй і мякінай, але мы ганарымся... Мы простыя, мы нечыноўныя, мы – соль зямлі. Думаю, што гісторыя з гэтым млынам кажа сама за сябе: колькі гераізму з аднаго боку і колькі мярзоты – з другога.

Марыся. Мы не мяняем нашых думак па дзесяць разоў на дзень.

Швальбе. Пабачым, што вы скажаце, калі загаворыць у час роздуму жаданне жыць.

Андрэй. Жаданне жыць? Вы называеце жыццём жыццё здрадніка? Дзякуй вам.

Швальбе. Маўчаць!

Андрэй. Рота нам не замажаце. Вам, Швальбе, позна, вас чакае мыла і вяроўка, але вы, гаўптман, падумайце над тым, што значыць уцягнуць нашага чалавека ў мора гневу. О, які пярун грымне над вашай галавою, калі ўстане на ўвесь рост мой народ!

Швальбе дае знак. Андрэя і Марысю павялі. Швальбе ідзе за імі. У пакоі засталіся Ільзенвельдэ, Віктар, салдат.

Швальбе. Фанатыкі! Зараз зламіць іх для мяне пытанне жыцця.

Віктар. Марыся! Андрэй! Даруйце мне! Я здраднік! Я Каін!

Пайшлі не адказаўшы.

Ільзенвельдэ (ціха). Яны бы не паміралі так, каб не ведалі чагосьці.

Салдат. Дазвольце спытаць. Што рабіць з гэтым чалавекам?

Ільзенвельдэ (абыякава). З гэтым... чалавекам?.. Расстраляйце тут жа, зараз, ля грэблі. Падла можаце выкінуць у багнішча, я не пратэстую. Як кажа прымаўка гэтага народа: “Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць”.

Віктар (цвёрда). Пачакайце, я ведаю яшчэ аднаго, я трьмаў з ім сувязь.

Ільзенвельдэ (тым жа тонам). Я не жадаю чакаць. Мы – чума, але ёсць яшчэ ў некаторых нямецкае сумленне. Расстраляць! Эх ты... Такіх людзей.

Заслона

Карціна восьмая

Каменны свіран млына на Сініх Вірах. Атынкаваныя муры там-сям аблупіліся, праглядае цэгла. Столь у некалькі скляпенняў. Проста перад гледачом акно, забранае кратамі. Злева – дзверы. На падлозе – свяча, поруч з ёю сена. На сене сядзіць Марыся. Андрэй ля акна кугакае савою. Крык трывожны, гучыць з пярэрвамі, з паўзамі.

Марыся . Засталося якіх чатыры гадзіны. Як доўга і як мала. I мы пабачым дзень, сонца, наш млын. (Расплакалася.)

Андрэй. Ну-ну-ну, нашто гэта, Марыська. Не трэба.

Марыся. Як ён мог, як мог?!

Андрэй. Э, плюнь, ну бывае з людзьмі. Не трэба, яму было горш, чым нам. Пакінь, Марыська. Бывае ж...

Марыся. З табою не было. Сорамна мне, Андрусь... як сорамна мне!

Андрэй. І я не лепшы. Таксама дрэнны. Ведаеш, калі яны падступалі да Масквы, казалі, што нават узялі, я быў зняверыўся. Толькі і розніца, што я вырашыў тады маўчаць. (Ціха, недзе крычыць сойка.) Цяпер веру, хаця б нават да Урала мы адступалі, веру як ніколі.

Марыся. Якія мы маленькія: дзве зоркі ў цемры, дзве кроплі ў пустыні.

Андрэй. Зоркам лягчэй, бо яны ведаюць: недзе ёсць цэлыя сузор’і, кроплям лягчэй, бо недзе ёсць мора. Так і нам. А ты даруй мне, ва ўсім, што можа здарыцца, вінен толькі я.