Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 43
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Андрэй. Затое будуць у тых тысяч, якіх мы выратавалі. Вялікая армія... – не, не армія, яны пасля такога жаху ніколі не будуць ваяваць, ніколі. Няхай успомняць нас, няхай паглядзяць на нас, каб лішні раз зразумець, што нельга, бесчалавечна так рабіць. Не армія, проста вялікая чародка дзяцей, шумных, як вераб’і, вясёлых, замурзаных. Гэта таксама чагосьці варта.
Марыся. Слухай, а можа, яны нас яшчэ выратуюць, га? Можа, прыйдуць? Так шкода жыцця, асабліва цяпер, калі ты поруч, лепшы хлопец на зямлі.
Андрэй
Марыся. Яны?
Андрэй
Што нам агонь? У нас моцны карак, мы здужаем усё. I памяць пра нас пройдзе праз стагоддзі. Кожны, як святыню, прыпомніць нас, простых плытнікаў, рыбакоў, дойлідаў, рабочых, песняроў, земляробаў.
Марыся. Любы, як добра, як хораша мне.
Андрэй. Птушкі спяваюць. Раса запаліла на дубах сотні ліхтарыкаў.
Андрэй
Марыся. I ўсё ж такі мы жывём. I будзем жыць вечна. Сонца маё! Зямля! Ты падтрымала нас у апошнюю гадзіну. Дзякуй табе.
Заслона
Заўвагі для артыстаў
У гэтай драме дзве асаблівасці. Першая асаблівасць яе тая, што гэта драма рамантычная, дарэмна шукаць у дзеючых асобах (акрамя некаторых другарадных) рысы будзённасці. Другая асаблівасць тая, што ў драме няма галоўнага героя. Яна не называецца “Андрэй Лаўрановіч”, або “Пан Дзюбка”, або “Сапраўдная гісторыя камандзіра Каляды”, хоць кожны з гэтых герояў можа прэтэндаваць на першае месца. Яна называецца проста “Млын на Сініх Вірах”. Гэта маленькая гісторыя маленькіх людзей, якія разам, баронячы жыццё партызанскай брыгады, сталі вялікімі. Гэта – гісторыя млына. Гісторыя невялікага ўчастка вялікай барацьбы. I таму людзі, якія дзейнічаюць у драме, прыходзяць і ўходзяць, мяшаюцца ў справу і паміраюць тады, калі прыйшоў іхні час, калі ніхто больш не можа іх замяніць, як і ў жыцці. Першую карціну можна было б таму назваць “Каляда”, другую – “Цыкмун Асінскі”, трэцюю – “Варагі” або лепей “Немцы”, чацвёртую – “Тэкля Каваль”, пятую – “Пан Дзюбка”, шостую – “Абаронцы млына”, сёмую і восьмую – “Марыся і Андрэй”. Але няправы будзе той, хто абвінаваціць драму, кіруючыся гэтай прычынай, у шматковасці. Смальта, якая ўваходзіць у мазаіку, яшчэ не мазаіка, але, разам з іншымі каменьчыкамі, стварае яе. Кожны з герояў гэтай драмы таксама не герой паасобку. Галоўным героем гэтай драмы я жадаў зрабіць народ, добры і памяркоўны да сяброў, люты і бязлітасны да ворага, народ з аналітычным розумам Каляды, в мудрай іроніяй Цыкмуна, з дзівацкім скепсісам і бязмернай любоўю да Радзімы Дзюбкі, з таямнічай змрочнасцю Тэклі Каваль, з пяшчотнасцю Марысі і нязломнасцю Андрэя. Як мне гэта ўдалося – няхай судзяць іншыя. Але я, калі пісаў, бачыў перад сабою гордае і магутнае племя, адзінае ў мностве сваім, бачыў сутыкненне двух сіл, жорсткую бітву будучай Камуны з цёмным мінулым, бачыў усю непаўторную прыгажосць душы народнай і прыгажосць нашай зямлі: яе смалістых лясоў, яе лясных рэчак, якія зараслі белымі лілеямі, прыгажосць старога млына на адной з такіх рэк і людзей, якія біліся за яго, біліся за наш горкі, за наш ваенны хлеб, за нашу будучыню.