Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 33

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Андрэй. Нам з табою няма чаго саромецца. У іншых вялікія подзвігі, яны ваююць, але мы ўтраіх ваявалі не горш, як яны. Дваццаць разоў сабою ахвяравалі і, глядзі, усю зіму сапраўдную армію лясную кармілі, адзінаццаць месяцаў кармілі – гэта нядрэнна. Трасцу б яны наваявалі без нашага хлеба.

Марыся. А цяпер трэба кінуць. Шкода млына.

Андрэй. Што зробіш, трымацца далей нельга. На аднаго нашага іх трое, і зброя ў іх лепшая. У адкрыты бой нам пакуль што нельга ўцягвацца. А яны, бачыш, прачэсваюць усю паўночную частку пушчы, – не сёння дык заўтра тут будуць.

Праходзяць Каляда, Лаўрановіч і Цыкмун, узброеныя.

Каляда. Як яны даведаліся?

Лаўрановіч. Глыбокая разведка. Млын не іголка ў сене, доўгі час яго не схаваеш. Добра, што хлеб і ўсё іншае вывезлі.

Цыкмун. Зрабіў млын сваю справу. Недарэмна Тэкля-нябожчыца налажыла за яго галавою.

Каляда. Зрабіў справу, ды не да канца. Я хачу ў вас спытаць, таварыш Асінскі, згадзіліся б вы дачку паслаць на небяспечную справу?

Цыкмун. Гэта ў яе трэба пытацца. Яна дарослая. Пра жаніхоў не пытае ў мяне.

Каляда. Дзе ж яна? Ага вось. I Андрэй тут. Можна да вас?

Марыся. Калі ласка (усе сядаюць у кружок).

Каляда. Ну што ж, браткі, як бачыце, млын кідаем. Партызаны будуць прарывацца на поўдзень, на Палессе.

Лаўрановіч. I з гэтаю, большай часткай пайду я. Каляда будзе не камісарам брыгады, а камандзірам асобнага партызанскага атрада, які застанецца тут, у Звініцкіх пушчах. Атрад будзе невялікі, такому лягчэй схавацца і дзейнічаць.

Каляда. Пакуль мы не адшукаем іншых крыніц забеспячэння, млын трэба захаваць для нас месяцы на два. У нас ёсць свой чалавек у нямецкіх вярхах. I мы ведаем, што немцы прабіваюцца да млына і, захапіўшы, не спаляць. Наадварот, ён будзе працаваць на іх, тым больш што трохі паўдзённее яны будуюць лінію ўмацаванняў, каб не пусціць нас з паўдзённай часткі пушчы ў паўночную, засцерагчы ад небяспекі чыгунку, шашу і горад. I вось Марыся і ты, Андрэй, што б вы сказалі, калі б мы ўладзілі вас на работу ў гэтым млыне. Са справаю вы азнаёміліся добра, узімку лёд ледзь не зубамі счышчалі, млын і дня не стаяў. Ну як, пойдзеце?

Андрэй. Я пайду, але яна няхай ідзе з вамі. Гэта не жартачкі, сабатаж на нямецкім млыне, перадача хлеба не ў нямецкае войска, а партызанам. За гэты чуйдух на шыбеніцу можна трапіць.

Марыся. Андрэй, не вярзі глупства. I, наогул, памаўчы. (Да Каляды.) Я, вядома, пайду працаваць на млын.

Каляда. Справа вельмі небяспечная. Поруч са смерцю будзеце хадзіць кожную хвіліну.

Марыся. Хіба мы за апошнія месяцы не бачылі яе?

Андрэй. Мы пойдзем.

Каляда. I яшчэ вось што. Так проста жыць тут вам будзе нязручна. Я думаю, што вам трэба будзе ўзяць фіктыўны шлюб, павянчацца ў горадзе.

Андрэй. Не, так нельга.

Марыся. А чаму? (Падумаўшы.) Раз для справы патрэбна – няхай ужо. А Сміхальскі – па-ранейшаму будзе трымаць сувязь?

Каляда. Віктар?.. Гм... Ну няхай.