Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 29
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Дзюбка. I колькі раз яшчэ давядзецца яму прайсці праз яе. Але я веру, ён выстаіць.
Той, хто столькі зрабіў на шляху да праўды, той прыгоннікам не будзе. Я памятаю, калісьці, да рэвалюцыі, я быў яшчэ малы, маці пашыла нам са сваёй старой зялёнай спадніцы нагавіцы, а нас было тры хлопцы. Мае нагавіцы атрымаліся ўжо вельмі вузенькія, але я быў такі шчаслівы: на вялікдзень у мяне будуць сапраўдныя крамныя порткі, не кужэльныя, не шарачковыя. А яны, браце, луснулі ў першы ж дзень свята, і зашываць іх нельга было, – грэх. А зараз у маіх дзяцей добрыя гарнітуры. Так што няхай яны наш лад хоць пяць год лаюць, усё адно не паверу. Сам пакаштаваў старое, на ўласных баках. I новае бачу, не сляпы. Нават, як беларус, на нямецкае панаванне не згадзіўся б, а ўжо як чалавек новай краіны – сто разоў не згаджуся.
Лаўрановіч. Цяжка. Людзей шкода.
Дзюбка. ...Столькі мы пабудавалі. Заводы, будынкі – і ўсё ў руінах... Нічога, рукі ў нас моцныя, адбудуем. Цікава будзе жыць, хлопча, у 2000 годзе, жадаў бы я дажыць. Тут табе камунізм, тут табе кожнаму па патрэбе. Ты мяне тады будзеш кожны год дэманстраваць піянерам: “А вось, дзеткі, перад вамі музейны экспанат, стары хрэн Дзюбка, апошні прыватны гандляр нашай краіны. Добра запамятайце. Бліжэй, ён не кусаецца. Дзецям будзеце расказваць – не павераць”.
Лаўрановіч. Цябе дзецям паказваць? Апамятайся. Мы з табою тады такія ўжо будзем, што з дзеткамі ад жаху радзімчык можа прыкінуцца.
Дзюбка. Ты што, думаеш, я не варты нават, каб мяне паказвалі? Ого! Нічога, яны дастаткова моцныя будуць, каб без шкоды для псіхікі паглядзець нават на старую малпу. Я-то, праўда, тады нядрэнны буду, я прыгожы, а вось ты – не ведаю.
Вось што, Лаўрановіч, хоць ты і камандзір атрада, але на сына звярні ўвагу. Хлопец марнее, цяжка яму.
Лаўрановіч. Я і сам хацеў пагаварыць з ім. Пашлі яго сюды, я на лаўцы пачакаю.
Андрэй. Так. Па інстытуту. Цікава, як там зараз?
Лаўрановіч. Штосьці ты мне, сынок, не падабаешся. Што з табою сталася?
Андрэй. Цяжка мне, адпусці ты мяне з млына, дай цяжкую справу. Іншыя хлопцы б’юцца, падрыўнікамі работаюць, адзін я...
Лаўрановіч. Ты ведаеш, Каляда не хоча. Ён кажа, што млын, калі ты там, у добрых руках. Ён табе верыць. Ды і ў камсамол ты менавіта дзеля такой справы паступаў, а не дзеля таго, каб на зборах алоўкам па графіну лупіць. Так што будзь мужным.
Андрэй. Усё ж я не магу. Ты ведаеш, я нікому не скажу, але цяжка мне там...
Лаўрановіч. А я лічу, што тут не справа. Ты такі, што паўсюль будзеш рабіць так, што лепей нельга. Тут іншае. Табе цяжка глядзець на Віктара і Марысю, сынок? Ты яе кахаеш?
Андрэй
Лаўрановіч. Я гэта сэрцам ведаў. Ты, як нябожчыца-маці, адналюб. Што ж паробіш? Віктар бліскучы, на ім рамантычны арэол, а ты ў мяне пакуль што брыдкае качаня, такіх, як ты, адразу не заўважаюць, бо ты паўсюль, нават у цяжкім месцы, толькі са сваёй сціплай усмешкаю. Можа, яно і лепей, не наскочыць на цябе нейкая фіцюлька, ажэнішся на добрай, простай дзяўчыне. Ці мала іх на свеце, прыгажунь, добрых, разумніц?