Читать «Млын на Сініх Вірах» онлайн - страница 28

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Лаўрановіч. Язык твой добра прывешаны, таму ніхто цябе тут не заменіць.

Дзюбка. Я ведаю, але чорта з два вы б мяне тут бачылі, каб я не ведаў, што гэта ўсё для народа. Беларусы, я зразумеў гэта вельмі добра цяпер, – беларусы гэта не проста белыя валасы, блакітныя вочы, сем коп лапцей, “Лявоніха” і паўстанне Мурашкі, як гэта той-сёй з вучоных кажа. Беларусы гэта вельмі-вельмі складана. Мяне бярэ жах, калі я пачынаю ўглядацца ў гэту глыбіню – і не бачу дна. Вось я гляджу на чорнавалосага гродзенца і думаю: “Семсот год таму ты быў ятвягам, еў дзічыну, хадзіў у шкурах і размаўляў незразумелай гаворкаю. Але цяпер ты такі самы беларус, як і я, ты разам са мною выпакутаваў Каліноўскага і Купалу... Разам біўся на барыкадах 1905 года. Я гляджу на жыхара Смілавіч, бачу яго мігдалевідныя, раскосыя і, як ні дзіўна, блакітныя вочы і думаю: ты нашчадак татар, якіх пабралі ў палон ля Крутагор’я і пад Азовам, але ты і продкі твае з дзіцячых год бачылі тыя ж пушчы, паплавы і балоты, яны дарагія нам. Тваё прозвішча Асановіч, але зваць цябе Янкам, і ты яшчэ трыста год таму чытаў свой каран на беларускай мове, і мы разам, не гледзячы на форму вачэй, біліся з ворагамі і рабілі рэвалюцыю, нам аднолькава стралялі ў спіну кулакі. Мы адно цэлае да канца... Я гляджу на яго і кажу: “Брат”. Гэта найвялікшая таямніца на зямлі, – таямніца народа. На нас разам прэлі ад працы кашулі, мы елі аднолькавы хлеб, мы, беларусы, уваходзілі ў адно і тое ж брацтва, чыталі біблію Скарыны, а пасля вершы Купалы. А ёсць жа такія, што забылі гэта! Іншы раз я закрываю вочы і бачу прапрашчура. Профіль, падобны да профіля горнай птушкі, магутныя плечы, полымя вогнішча. Невядома, ці прыйшоў ён скуль, ці быў аўтахтонам на гэтай зямлі. Але мне дастаткова ведаць, што нашчадкі яго з гэтай зямлі не пойдуць. Не дарэмна яны ссяклі тут першае дрэва і насыпалі першы курган і здабылі 24 гады таму бязмежную волю. Будаваліся гарады, кахалі людзі, раджалі стагоддзямі на адным ложку. I каб цяпер на гэтым ложку раджала жонка чужынца? Даруйце, маёй дачцэ і самой на ім зручна. Стагоддзямі мы раслі, мацнелі, пісалі дзівосныя кнігі, плылі да нас ятвяжскія, чарнарускія, татарскія, дэйноўскія рэкі, каб адліцца ў адно, у дзесяць мільёнаў, у мой народ. Я гляджу і бачу ў ім добрую ятвяжскую памяць на Дабро і Зло, дэйноўскую ўпартасць і нашу, славянскую, бязмежную дабрыню. А калі прыходзіць вораг – я ў вачах майго народа бачу татарскае вераломства – з дрэнню няхай іншыя будуць высакароднымі... Мы добрыя, жаласлівыя, вельмі ціхмяны, гасцінны народ, але няхай паспрабуюць прыціснуць нас, задраць за жывое – з пекла дастанем.

Лаўрановіч. Так, і зараз народ праходзіць праз вогненную купель.