Як добра, як лёгка. Жывіце, дзеткі, жывіце, людзі. Падае занавеса, падае, падае, чорная нейкая, чорная. (Апускае галаву.)
Ляжыць на падлозе пакінутая Тэкля, праз адчыненыя дзверы можна бачыць сіні асенні далягляд, і аднекуль далёка-далёка, з неба, даносіцца тужлівае “кру-кру”, сумны крык адлятаючых жораваў, быццам недзе ціха гудзе старцоўская старая ліра.
Заслона
Дзея трэцяя
Карціна пятая
Антыкварная крама пана Дзюбкі на Рыначнай плошчы. Усю левую частку сцэны займае крама Дзюбкі. На шыльдзе велікапышны надпіс, але самая крама простая. Дзверы шырокія, расчынены наўсцяж, відны паліцы, на іх ляжыць “тавар”. Крама адгароджана ад плошчы нізенькім штыкетным парканам. Фортка расчынена. Ля крамы вялікае дрэва, лісце яго пажоўкла, пад дрэвам лава. На драўляным тратуары старая круглая афішная тумба. Усю правую палову сцэны і далей, за краму, займае рынак, аддзелены ад крамы вузкай палоскай бруку. За кірмашом сілуэт вельмі разруйнаванага будынка, лявей яго – старая царква. У краме фацэтны Дзюбка. У пачатку карціны прыходзяць з інтэрвалам Лаўрановіч–бацька і Андрэй. Кажуць нешта гаспадару і праходзяць у краму. На плошчы праходзяць розныя людзі. Тут баба Брэтычка, гандляры, інтэлігентная жанчына з галодным тварам і старым капялюшыкам у руках, бабы, высакародны Злодзей, нейкія другія цёмныя фігуры.
Бязладны гоман, вырываюцца з яго асобныя галасы.
– А вось сахарын, каму сахарын? – Добрыя шворкі! Гітлера можна павесіць.
– Што-о? – А ты не чапляйся, чалавеча, бо атрымаеш па зубах.
– Капялюшык, добры яшчэ капялюшык. Можа, каму трэба?
– Ты мне, чалавеча, гэтага барашна ў нос не торкай, яно з пяском, з яго кулагі не зварыш.
– Кулага не блага. А толькі калі табе, чалавеча, з пяском не трэба, дык ты б памёр лепей год таму. Зараз іншай няма, хаця ў каго спытай.
– Ты, Пятро, плюнь яму ў вочы, ды не кажы, што я паслаў.
– Дрэнна, сябра, над намі яны смяюцца, зневажаюць. – Нічога, дай час, будуць яны кутна смяяцца.
– Як так кутна?
– А так, як на стале чалавек смяецца, калі памрэ, кутамі рота.
– Чаго ты да мяне прывязаўся, душахват?!
– Не, ты паўтары, што казаў.
– Я табе паўтару, – ногі ў зад улезуць!
– Што ты з ім размаўляеш? Хлопні яго па галаве, і я дапамагу.
– Куды ты прэшся, любы? Не штурхайся, не спяшайся, паспееш яшчэ на шыбеніцу.
– Дар-рагія браты і сёстры, падайце міласцінку сляпому.
Дзюбка (пакупцу, немцу ў мундзіры гаўптмана). Што ж патрэбна пану? Можа, яму паказаць чароўную старую фібулу. Глядзіце, які тонкі візерунак. Не? Тады я прапаную пану гаўптману каштоўную рэч. Пан казаў, што ён гісторык, і, вядома, толькі яго адукаваны густ можа ацаніць гэта. Вось масляная лямпа, з кургана пад Рагачовам, у выглядзе жаночай галавы. Унікальная рэч, другая такая толькі ў Гнёздаўскім магільніку была. I каштуе глупства, толькі 1500 марак, як для вас, для калегі. Не? Ну добра, я бачу, што пану патрэбныя толькі рэчы, як кажуць, “прыма”. Гм... хіба што толькі для вас, для знаўцы. Вось тут у мяне ёсць рэч, якую б не аддаў нікому, якую можна хоць зараз аддаць у нямецкі нацыянальны музеум, як рэліквію. Гэта стары меч, які, як сведчыць надпіс, належаў князю Юрыю Мсціслаўскаму. Памятаеце, ён ваяваў з вашымі продкамі пад Грунвальдам, у 1410 годзе. Гэта вы абавязкова павінны купіць. Падумайце, які фурор! Вы скажаце гасцям: “А гэта меч чалавека, які разграміў тэўтонскі ордэн. Мы змылі з сябе гэту ганьбу, і я прывёз гэты меч з сэрца гэтай краіны, што тады перамагла нас”. Падумайце, як на вас будуць глядзець. Нашчадак Альбрахта Мядзведзя, рыцар! Ах, якім поспехам будзе пан карыстацца, дзякуючы гэтаму надзвычайнаму трафею! Цана ўсяго пяць тысяч марак. Не-не, не адмаўляйцеся. Пан – патрыёт, ён не захоча, каб я прадаў гэты меч у рукі – якому-небудзь беларусу. I, магчыма, пан пашкадуе, калі я пашлю гэту рэч у Берлінскі гістарычны музеум. Там ёй будзе месца, там ацэняць яе пікантнасць. “Меч заваёўніка зараз у нас. Нацыя змыла з сябе даўнюю пляму”. Запакаваць? Ну і добра, я ведаў, пан разбіраецца ў старажытнасцях. Якія ўпрыгожванні, якая сталь! Ах, я б і сам сабе пакінуў яго, ды не магу. Гандляру патрэбен капітал.