Читать «Меч Рагвалода» онлайн - страница 6
Алесь Петрашкевіч
Святаслаў (з пагрозаю). Ваявода, не губляй меры!
Iзяслаў (спакойна). Памолімся. Усё зробім, як князь Усяслаў жадае. Скажы, што стол святочны ў гонар пляменніка нашага накрыты ўжо.
Даніла. Скажу. (Кланяецца і знікае.)
Iзяслаў. Ойча Феадосій, зробіш усё так, як князь Усяслаў хоча.
Феадосій кланяецца і знікае.
Святаслаў. На Нямізе яго трэба было браць хоць жывым, хоць мёртвым…
Iзяслаў. Змей ён і, відаць, сапраўды бессмяротны.
Святаслаў. Калі здавалася — канец гаду, ён паклаў сямёра маіх лепшых вояў, змеем выкруціўся і ўцёк.
Усевалад. Стрэлы нібы абміналі ваўкалака. На свае вочы бачыў.
Iзяслаў. Змей ён і ёсць змей… Гэты ж Даніла быліну мне неяк расказаў. Палачаны нібыта спяваюць яе і на паганскіх капішчах, і ў цэрквах хрысціянскіх. (Цытуе.)
Па садзе, садзе зялёным, Хадзіла-гуляла маладая княгіня Марфа Усяслаўна. Яна з каменя скочыла на лютага змея; Абвіваецца люты змей Вакол чобата з зелен саф’яну, Вакол панчошкі шаўковай, Хобатам б’е па белым клубе. А ў тую пару княгіня понас панесла, А понас панесла і дзіця нарадзіла. А і на небе ўзышоў светлы месяц, А ў [Полацку] нарадзіўся волат магутны, Як бы малады Волх Усяславіч. Падрыжала сырая зямля. Здрыганулася слаўнае царства Індзейскае, Нават сіняе мора ўскалыхнулася Дзеля нараджэння волата Маладога Волха Усяславіча; Рыбы пайшлі ў марскую глыбіню, Птушкі паляцелі высока ў нябёсы, Туры ды алені за горы падаліся, Зайцы, лісіцы — у гушчары, А ваўкі, мядзведзі — па ельніках, Сабалі і куніцы — па астравах. Святаслаў. Байкі ўсё гэта на запалох баязліўцаў.
Усевалад. Што байкі, а што і не зусім… Кніжнік Антоній мне яшчэ ў Кіеве казаў (цытуе па памяці):
Аддавала яго маці грамаце вучыцца, А грамата Волху ў навуку пайшла; Пасадзіла яго ды пяром пісаць, Пісьмо яму ў навуку пайшло. А і будзе Волх дзесяці гадоў, Прывучаўся Волх ды прамудрасцям: А і першай мудрасці вучыўся — Абярнуцца ясным сокалам, Ды другой жа мудрасці вучыўся ён, Волх, — Абярнуцца шэрым воўкам, Ды трэцяй жа мудрасці вучыўся Волх — Абарочвацца гнядым турам — залатыя рогі. А і будзе Волх у дванаццаць гадоў… Iзяслаў. Ці, можа, тое няпраўда, што (цытуе):
Стаў сабе Волх ён дружыну прыбіраць: Дружыну прыбіраў у тры гады; Ён набраў дружыну сабе сем тысяч; Сам ён, Волх, у пятнаццаць гадоў, I ўся дружына яго па пятнаццаць гадоў. Усевалад. Вось яны і выраслі ў бойках пад Псковам, у Ноўгарадзе ды Навагародку. А на Нямізе паказалі нам, чаго вартыя.
Iзяслаў. Бо з маленства спасціг навуку і валадарскую і дружынную. Ці мо самі не бачылі, як ён з дружынаю паказаў сябе, калі мы на Торкаў хадзілі. Быў ён там і турам, і сокалам, і шэрым воўкам. I майце на ўвазе, што пастку ён чуе за сем вёрст…
Святаслаў (углядаецца ўдалячынь). Бадай што едзе!..