Читать «Меч Рагвалода» онлайн - страница 4
Алесь Петрашкевіч
Вяшчун. Адзін у мяне клопат, — каб ацалеў род Рагвалодаў, каб жыла зямля Крыўская вольнай і непадлеглай дзяржаве Рурыкавічаў.
Рагнеда. Хіба я іншага хацела, калі везла з Кіева ў Полацк малалетняга князя Ізяслава? I хіба не ён быў першым, хто падняў меч Рагвалода супраць забойцы свайго дзеда? Хіба не з ім збудавалі горад Ізяслаў і манастыр у ім?
Вяшчун. Розныя ў нас святыні, прападобная Анастасія. Розныя і парады князю…
Рагнеда. Будзь справядлівым, Вяшчун, — ні князь Ізяслаў, ні я не бурылі вашых святыняў. I я мяркую, што летапісец меў рацыю, калі заносіў у пісьмёны высокія словы пра князя-хрысціяніна: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив».
Усяслаў. Даруйце, шаноўныя прашчуры, але я, відаць, не ў дзеда Ізяслава ўдаўся…
Iзяслаў. Няхай цябе, князь Усяслаў, гэта не засмучае. У кожнага свае подзвігі… Так, я быў міласнікам кнігі. Пры мне ўзышло і расквітнела зерне слова пісанага. Але не варта ўяўляць мяне святым, які нібы толькі і рабіў, што ўкленчваў перад абразамі. Я будаваў, яднаў і мацаваў Полаччыну. I паміраў у свае дваццаць шэсць гадоў, шчаслівы тым, што не акрывавіў меч Рагвалода… (
Брачыслаў. Не магу гэтым пахваліцца, бо з мячом прадзеда не разлучаўся з маленства да смерці. І заслуга ў тым майго слаўнага ваяводы, які вучыў трымацца ў баявым сядле, валодаць зброяй. Не асядлай я каня ў дзяцінстве, не прывучы рукі да шчыта і мяча ў юнацтве, высек бы Рагвалодавічаў Яраслаў Уладзіміравіч, як гэта некалі зрабіў сам Уладзімір Краснае Сонейка… I я ваяваў Пскоў і Ноўгарад, ірваўся ўверх па Рубону, каб сесці на шляху «з Варагаў у Грэкі»; хадзіў з дружынаю ў зямлю Дрыгавіцкую, дзе пакінуў свае карані брат Рагвалода князь Тур; адваяваў Ршу і Копысь і асядлаў Дняпро. Пакарыстаўся міжусобіцаю Яраслава з братамі, адбіў у яго ахвоту без дай прычыны хадзіць на Крывію. А калі найміт мой, вараг Эймунд, умудрыўся выкрасці любую жонку Яраслава Інгігерд, ён і зусім прысмірэў. Я ж за тую Інгігерд вярнуў свае Віцебск і Усвяты. Моц і росквіт княства Полацкага, хітрасць мая і напорыстасць настолькі ўлагодзілі кіеўскага мудраца, што ён сам папрасіў: «Буди же со мною заедин…»
Усяслаў (
Брачыслаў. Я не толькі «воеваша заедин», я з ім «заедин» тры гады на залатым Кіеўскім пасадзе сядзеў.
Усяслаў. Сядзець на тым пасадзе ды яшчэ ўдвох з Ізяславам я не збіраюся.
Брачыслаў. Не адракайся, сын, красці, бяда давядзе…
Усяслаў. Ты, бацька, самога сябе перахітрыў, за што цябе Яраслаў і турнуў з таго пасада на ганьбу Полацку…
Брачыслаў. На ўсякі выпадак я там добрую хароміну збудаваў. Так і завецца: двор Брачыслава. Калі надарыцца быць у стольным, ёсць дзе пераначаваць…
Усяслаў. Я не іду напрошвацца да Яраславічаў у госці. І ты мяне гэтаму, здаецца, не вучыў… Мір жа ад іх прыму, бо разумны шукае хаўруснікаў, а дурны — ворагаў.