Читать «Меч Рагвалода» онлайн - страница 2

Алесь Петрашкевіч

З’яўляецца прывід Рагнеды. Яна ў манаскім уборы.

Рагнеда. Яны, як і ты, хацелі гэтага…

Усяслаў. Яны хацелі чужога. Я бараніў сваё!

Рагнеда. Варажнеча парадзіла варажнечу. Яраславічы не даравалі табе захопу Ноўгарада.

Усяслаў. Я не варагую з Яраславічамі. Я і ў Ноўгарадзе бараніў Полацкую дзяржаву і зямлю Крыўскую.

Рагнеда. Яшчэ заняўшы Навагародак, Яраславам пастаўлены, ты не толькі пазбавіў Кіеў права ўладарыць на Літве, але і развеяў славу Яраслававу.

Усяслаў. Не трэба Яраславічам шукаць славы ў чужых землях і абкладваць Полацк з усіх бакоў. Хопіць нам пагрозы ад Ноўгарада, Пскова і самога Кіева. Ці, можа, прабабка Рагнеда забылася, хто забіў яе бацьку, князя Рагвалода, і кім стала князёўна Рагнеда ў стольным Кіеве?

Рагнеда. Грэх вялікі, князь Усяслаў, папракаць мяне. Я не толькі прыняла пакуты, што выпалі на маю долю, але і зберагла, прадоўжыла дынастыю Рагвалодавічаў. Вярнула яе Крывіі. У тваіх жылах і мая кроў. Мо таму я і разумею, што князь полацкі Усяслаў — свядома ці несвядома — ахвяраваў горадам Менскам на Менцы, каб перахапіць князёў кіеўскіх на Нямізе. Што ж цяпер лічыць ахвяры і пакутаваць. Твая справа — княская.

Усяслаў. Жахлівыя ахвяры… Яраславічы не толькі дашчэнту разбурылі Менск. Яны вынішчылі ўсіх мужчын і ўзялі на шчыт жанчын і дзяцей. Знік горад на рацэ Менцы. Я ж амаль усіх сваіх вояў паклаў тут, на рацэ Нямізе.

Рагнеда. Ты, князь, на Нямізе засланіў дзяржаву Полацкую і сам ацалеў. Ахвяры меншыя за тое, што ты ўратаваў. (Паўза.) Хто ведае, чым заплоціць яшчэ Айчына наша, каб ацалець і выжыць у гэтым несправядлівым і неміласэрным свеце. (Знікае.)

Сцэна зацямняецца.

Дзея першая

I

Гарачы летні дзень. Усяслаў у белай сарочцы сядзіць каля паходнага шатра. Сыны яго, падлеткі, Рагвалод-Барыс і Глеб б’юцца на мячах. Усяслаў з цікавасцю назірае за будучымі воямі, а потым рашуча ўстае.

Усяслаў. Іду на «вы»! Падрыхтуйцеся са мною біцца!

Княжычы ў захапленні ад прапановы і рашуча займаюць пазіцыі — двое супраць аднаго.

Глеб (з радасцю). Трымайся, няшчасны!

Рагвалод-Барыс (сурова). Перад табою Усяславічы!

Прыгожа, з пераменным поспехам ідзе паядынак, пакуль Усяслаў адначасова і нечакана не выбівае мячы з рук княжычаў і становіцца на іх. Сорам паразы засмучае юнакоў.

Усяслаў. Меч рукою моцны… і, між іншым, галавою таксама. (Павучальна.) Беручыся за меч, варта падумаць, а ці пры боку нож мой востры. А то і галовы згубіць можна, а не толькі мячы. Вас жа двое супраць аднаго. Проста сорам. (Паднімае мячы, кідае сынам. Яны спрытна ловяць іх.)

Нечакана з’яўляецца чалавек у лахманах. Галава яго перавязана, на шчацэ глыбокі шрам. Пры боку меч. Ён крыху кульгае. Княжычы кідаюцца паміж князем і незнаёмым, гатовыя бараніць бацьку.

(І здзіўлена, і радасна.) Даніла?!

Даніла. А хто ж…

Усяслаў. Ну, доўга жыць будзеш, ваявода! Дружына па табе ўжо трызну справіла… (Абдымае Данілу.)

Даніла. Хоць карай, княжа, хоць мілуй — не па сваёй волі я пасля Нямігі ў Яраславічаў гасцяваў. Амаль мёртвым узялі. У шатры самога Ізяслава ачомаўся.