Читать «Матчына душа» онлайн - страница 15

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Рута ў халоднай расе 

Гармонік іграе за клубам. Водар мурожнай травы. Чамусьці няма маёй любай, Чаму, ці не скажаце вы? У полі, за дальняй брыгадай, Агеньчыкі зніклі ўсе, Адзеліся ценем прысады, Рута ў халоднай расе. Чакаю адзін да світання. Нешта яна не ідзе. Нават лілеі да рання Заснулі ў цёплай вадзе. У садах антонаўкай пахне, І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў, Напэўна, соллю ў кагось. Як цяжка мне тут чакаці. Туман за ракою ўстае. Стрэльні ты лепей, браце, У дуб над акенцам яе, Каб птушкі спрасонак крычалі, Каб людзі пачулі ўсе, Каб любая раптам згадала, Што рута ў халоднай расе.

Эмігранты 

Двух зуброў ад нетраў Белавежы На Каўказ завезлі, аддалі. Там лугі зялёныя, бязмежныя, Там багата сонца і зямлі... Хмары над лясамі залатымі, Соль, вада, травіцы смачнай жмут, Лёгка дыхаць, так як на радзіме, Але ў кожнага ёсць родны кут. Дзеці гэтага не разумеюць, Нарадзіўшыся ў чужым бары, І на тое, як яны дурэюць, Непахвальна дзівяцца зубры. На празрыстых, светла-сініх водах Сняцца ім айчыны берагі, Папараць, імшаныя калоды, Сінія пад месяцам лугі, Сінія пралескі на сугрэве, Мухамор чырвоны ля азёр І калоны манументаў-дрэваў, Што вярхамі дастаюць да зор.

Гісторыя з першым каханнем 

Шчасце былое ўяўляю Дзяўчынкаю па вясне. Загарэлая, кемная, злая, Дражніла яна мяне. Памятаю, год у шаснаццаць, Дурны ад кахання і мук, Цераз плот я глядзеў на шчасце, Рамантычны, цыбаты хлапчук. А шчасце гуляла ў садзе, Апранутае ў паркаль, Сабе і птушкам на радасць, А мне на смутак і жаль. Разявіўшы рот, як варона, Гляджу я ў дзівосным сне На шчасце, што садам зялёным Ідзе бліжэй да мяне. Уважна за мною сочыць, І соладка, як салавей, Просіць заплюшчыць вочы, І гладзіць па галаве. Раскошы цэлыя рэкі Ў сэрца маё плывуць, Моцна сціскаю павекі, Чакаю... Нельга ўздыхнуць... А дзяўчына з вачыма блакітнымі Суседу, дурному, як бот, Адуванчык тыцнула спрытна Ў шырокі, як ступа, рот.

У тую ноч 

Кветка ў нетрах лясных распускалася, Залатая, агністая, сіняя, На купаллі, на росным купаллі, Ў бураломнай лясной лагчыне. У глушы, дзе туманы белыя, Дзе жывуць лесуны і трасца, Як заўсёды, шукалі смелыя Кветку-папараць, кветку шчасця. Як жадалі мець гэту кветку Цёмных пушчаў глухія шаты, Каласы на бедных палетках, Людзі ў цёмных, закураных хатах! Ўсё было ў тую ноч звычайным: Над агнямі лёталі цені, Пяткі "Янку" прывычна чаканілі, Пахла мёдам мурожнае сена. За вячэру скупую сядалі Дзеці бедныя пры лучыне; Загубіўшы вянок, рыдала Панам збэшчаная дзяўчына. У клапоўніку лаяўся п'яны, За карчмою кагосьці білі, Хтось на пузе ляжаў адшмаганы, І кабета над ім галасіла. З каліты салёнай, парожняй Залатоўку узяўшы ў рукі, Дзед шпурляў яе ў "божае вогнішча", Каб сухоты пусцілі ўнука. Ўся краіна над працай гарбела, Ела бульбу, не бачыла сала, Ўсе маліліся, ўсе цярпелі, І ўсе, як нямыя, маўчалі. І не ведалі вёскі ў дубровах, Людзі хмурыя і палеткі, Што ўсяму ўжо знайшлося Слова, Што яно прагрыміць над светам, Што язык залаты атрымалі Ў гэту ноч пушчы цёмнай шаты, Рэчак поўных лянівыя хвалі, Занядбаныя, чорныя хаты. Хоць нясцерпным ставала гора - Наваколле пакуль што маўчала. Ноч плыла агнямі і зорамі... Нарадзіўся Янка Купала.