Читать «Матчына душа» онлайн - страница 16

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Бабіна лета 

Над густа-сінім возерам чарот З прыходам восені шуміць тужліва. Здаволена гумно на поўны рот Глытае дар багатай, спелай нівы. Як шэрань на траве, палотнаў рад, Ля хат вясёлыя гамоняць людзі, Кабеты ў садзе кормяць немаўлят, Сад засаромеўся і стаў аж рудым. Чароды на зялёных берагах Апошняю гадуюцца травою, І слівы сыта луснулі ў баках, Аб'еўшыся і сонцам, і зямлёю. Жанчына ля іржэўніка сядзіць (Мо сівізна ў касе, мо павуцінне) І думае і ў далячынь глядзіць, Дзе жоравы лятуць імклівым клінам. Юнацтва шкода, сэрца хоча жыць, А думкі нейкай цеплынёй сагрэты. Далёка да зімы! Як добра адпачыць! Якое доўгае бывае лета! 

Начлег 

Мой край, ад крушыны горкі, На беразе цёплы дымок, Табун выпівае зоркі З паверхні лясных межыток. Конь цягне неба зялёнае Ў гулкі пусты жывот, Пакуль цеплыня ад сонейка Туманам не знікне з балот. Дзе вы, дзяцінства гукі? Дзе ты, водар зямлі? Здзіўлёна гляджу на рукі, З якіх сышлі мазалі. Не мне выхваляцца і ззаду Скакаць на спіну каню, Не мне, як да ціхай радасці, Да начлежнага ехаць агню. А мне ўсё здаецца, што бачу Сябе і сваіх сяброў У ліку тых, што на клячах Імчаць з начлегаў дамоў. Замест сядла - сярмяга, Галовы ў пышных вянках, З чырвоных і чорных ягад Каралі на нашых грудзях. Дзяцінства імчыць вясёлае На мокрых конскіх гарбах, Засмаглае, напаўголае, З шыпшынаю ў белых чубах.

"У векавечнай Бацькаўшчыне клёны..." 

У векавечнай бацькаўшчыне клёны Нячутна пачынаюць аблятаць На рыжую траву, на мох зялёны, На весніцы, На ціхі стаў, на гаць. Зямля глядзіць азёрамі-вачыма На ясны свет, што стыне у красе. Як чыста, бы святло абшары вымыла, Як ціха - быццам зніклі людзі ўсе. Адвечная мая! Ў сцюдзёных росах, Як летась, як мільёны год таму... Ляцяць на ветры косы рыжай восені, І кліча лісцяў жоўты сум зіму. На вуснах стыне горкі смак рабіны, Цалую іх, халодныя як лёд. О вы, што будзеце ісці з дзяўчынай Пад тымі ж клёнамі праз сотню год, Ці зразумееце, што мы кахалі, Што зніклі так, як знікнеце і вы, Што векавечны толькі край, і далеч, І жоўты ліст на зелені травы, Што ў векавечнай бацькаўшчыне клёны Тысячагоддзі будуць аблятаць На рыжую траву, на мох зялёны, На весніцы, на ціхі стаў, на гаць, Што нездарма яна з асінак рудых, Калі ідзеш увосень па зямлі, Раняе золата пад ногі людзям, Каб мы яе любілі й бераглі.