Читать «Матчына душа» онлайн - страница 17

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Зімняя элегія 

Чамусьці сёння цішыня такая, Што сесці хочацца і патужыць. Самотна зорка над зямлёй згарае, І ў гурбах ліпа з холаду дрыжыць. І я усё - усё чамусьці забываю, Што знік той дзень, загублены ў цішы, Што час ляціць, што ты ужо не тая І што даўно я знік з тваёй душы. Часопіс на стале з тваім партрэтам - Глядзіш з усмешкай ветлай на мяе, І ўспамінаю я Дняпро, і лета, І цень каштана на старой сцяне. Як дзіўна, я зусім не памятаю Той дзень, калі цябе пабачыў я Упершыню. Мо восень залатая, Мо весні дзень у дальніх тых краях. Але затое так яскрава бачу: Пакой, Чайкоўскі хмуры на сцяне, Раяль пра нешта дарагое плача І прывіды каштанаў у акне. Ты памятаеш: восенню туманнай, Калі уборы дрэў зляцяць далоў, Ліст жоўты застаецца на каштанах Стажочкамі ля цёплых ліхтароў. Ліхтар - і жоўты шарык на каштане, А ўсіх братоў яго мятла змяла. Вось так і я цягнуўся да каханай І толькі й жыў, што ля яе святла. Былі ў яе нябачаныя вочы, Падобныя на просінь у нябёс, І сарамлівасць мілая, дзявочая, І светлая была, як светлы лёс. Ёсць дробязі, што поўныя значэння: Каханне першае растопіць лёд І нават палавік у цёмных сенях Век памятны, як казкі першых год. Мо толькі для таго яно прыходзіць, Каб мы запамятавалі на вякі, Як пахнуць рыбаю начныя воды, Як у траве мігаюць светлякі; Каб век сумленна памятала сэрца Спакойны дым над цьмянай люстрай рэк, Каб кожны быў да старасці, да смерці Сапраўдны і сумленны чалавек. Я памятаю ўсё: тугая раска Заткала стаў. Мінуў наш першы май. Якой здаваўся нам чароўнай казкай Ў пустых бляшанках прыгарадны гай! Хай зразумее кожны на хвіліну, Як незлічоны светаў карагод, Як лёгка размінуцца з той, адзінай, Якой чакаеш, можа, сотні год! Дні прабягаюць, і гады сплываюць, Хвіліны шчасця часам прамігцяць, А боль жыве, і сэрцам адчуваю, Што жыць заўсёды будзе, да канца. І ўсё ж на досвітку, і ў час змяркання, І ў ясны дзень і ў час, як спяць палі, Я дзякую жыццю за цень кахання, За тое, што жывеш ты на зямлі. Сяджу ў пакоі каля цёплай грубы. Шыпіць пласцінка. Ў сэрцы многа дум. Кручу: "Над домам флюгер ёсць у любай". І Шуберт падзяляе ціхі сум. О "Зімні шлях"! Забытыя будынкі, Забыты водар ад каханых губ. І хрыпне на марозе спеў катрынкі, І мерзне ў гурбах прыдарожны слуп. Я дзякую табе. Няхай чужая, Няхай твой твар для іншага жыве, Ты ёсць, ты недзе ёсць, і ты жывая, Ты ходзіш веснім ранкам па траве! Твае ў загары рукі бэз ламаюць. Жыві і вечнай славай прамяней! Рукой закрыўшы вочы, усміхаюся... Ты ёсць на свеце. Досыць для мяне.