Читать «Матчына душа» онлайн - страница 14
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
"У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы..."
У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы, Разгайдалася хмурынак бель, І спявае пад тугім вятрыскам Лугавы вясёлы жаўтазель. Ўсе шляхі прыводзяць не да Рыма, А да родных вербаў і бяроз. Любая, ў барах сівых радзіма, Сын твой нарадзіўся тут і ўзрос.
Дзед Цыпрук, вартаўнік калгаснага стаўка
Рыжая ватоўка на плячах, Ахінёна хусткай цёплай шыя... Пад вадою ў глеістых вірах Праплываюць карпы люстраныя. Дзеду семдзесят. З худой рукі Фузія старэнькая звісае. Вочы кепска бачаць. Хлапчукі Часам рыбу аж з-пад ног цягаюць. Дзе з "манахаў" б'е уніз вада, Дзед Цыпрук сваю паставіў базу: Адмыслова сплёў з галін будан, Што у спёку добра пахне лазняй. Дзед глядзіць з яго, як з норкі рак, На дзіцячыя забавы-гулі. Шкода, што самому нельга так, Маладосць у горы прамінула. Добра помніць дзед, як тут раней Ледзь цурчаў струмок праз глею глыбы, І не хочацца ганяць дзяцей, Што купаюцца і пудзяць рыбу. Зяблыя, палягуць на пясок І пясок сабе пад ногі мосцяць. Спёка! Спёка! Вяне палынок. Ныюць, ныюць к непагадзі косці.
"На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым..."
А. І. Бялецкаму
На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым, Дзе з пагардай цягнік двойчы ў дзень праляціць, Ў простай хаце, пускаючы горкія слёзы, У калысцы будучы Колас ляжыць. Там, дзе хрыпла рыкаюць днём спякотным каровы, Там, дзе ў прысаку хлопчыкі бульбу пякуць, - Дваццаць першага веку галапузы Бетховен Бацькаў кубак шпурляе, каб звон пачуць. А ў вёсцы глухой, на траўцы зялёнай, На задворках сядзібы, ля самай ракі, Адсцябаны Шаляпін басам шалёным Лямантуе з-пад матчынай жорсткай рукі. О, як трэба шукаць на шляхах чалавека, Як любіць, берагчы, не крыўдзіць яго, Каб пабачыць славу наступнага века Ў сэрцы сціплага сына суседа свайго!