Читать «Матчына душа» онлайн - страница 12

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Лісце 

Восень прайшла пералескамі, Па няголеным ржышчы ніў, Чырвонымі арабескамі Лісце лес ураніў. Глянь на зямлю залатую, Пяшчотную, сумную, чыстую, Нехта па ёй вандруе, Ў паветра ўзнімаючы лісце. Струменьчыкам тонкім лісце. Медзь на азёрах сплывае, Сум у небе імглістым... Як песня, з галін злятае Лісце, лісце, Залацістае лісце, Сто лісцяў, Дзесяць лісцяў, Ліст.

Бацькаўшчына 

Дагарэў за брамай небакрай, Месяц паміж воблачкаў плыве. Выйду зноў, як у мінулы май, Басанож прайдуся па траве. Дымная, сцюдзёная раса, Цёмныя ў траве ад ног сляды. А такога рослага аўса Я не бачыў доўгія гады. Бач, хмызы спляліся, як павець, Светлякі мігцяць, гараць святлей. Перад тым як звонка ў лозах пець, Прачышчае горла салавей. Лашчыцца трава да босых ног. З дальніх паплавоў плыве ракой Ледзь прыкметны сумны халадок - Подых юні ўходзячай маёй. Паімчаць за ёю наўздагон? - Хоць і схопіш - усё адно падман. Дзе каханне тых мінулых дзён - Весніх паркаў бэзавы туман? Нават шкадаванне - дзе яно? Зноў вясна, і жаль знікае зноў. (Так губляюць пах перад вясной Ссохлыя сцябліны палыноў.) Ціха цмокае у сне рака. О, як добра, як прыгожа жыць! Раска, як русалчына луска, На вадзе ад месяца гарыць. А вакол травіцы роснай рай І бярозак белая сям'я. Мой чароўны беларускі край, Бацькаўшчына светлая мая!