Читать «Матчына душа» онлайн - страница 11

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Ялінка 

Ялінку выкінулі за адрыну. Яна ляжыць ва ўладзе ціхіх дум. На голкі жоўтыя пушысты, сіні Злятае снег і навявае сум. Цяплілі ўчора свечкі ёй вітыя, А сёння аддалі яе снягам... Блішчаць дажджу віточкі залатыя, Забытыя на голках тут і там. Ляжаць, вядома, нудна за адрынай, І сумны свет праз снежную імжу. Адное засталіся успаміны: Віточкі залацістага дажджу. Але яна свядома ганарыцца І доляй, і чарговасцю падзей: Хай жоўтая, хай ападае гліца - Яна жыве яшчэ ў душы дзяцей.

Дзеці 

О, якая залатая восень! О, як стогне пад снапамі воз! Павуцінне, "пража маткі боскай", Заплятае халадок нябёс. Да замілавання паўнакроўныя Гарбузы, узятыя з грады, Са страхі, як статак парсюковы, Звесілі ружовыя зады. Мышы з бадзякоў цягаюць воўну, П'е зямля сухіх нябёс блакіт... На гародах высахлы бульбоўнік, Водар кропу, мята і ваўчкі. Дні на гэтым водары настоены, Сэрца поўняць сум і прага жыць... Хлапчукі, на добры лад настроены, Улягліся ціха на мяжы. П'юць духмян паспелай жоўклай восені, Падраслі шчаслівыя за нод, А над імі серабрысты ў просіні - Ледзь прыкметнай кропкай самалёт. З-пад чубкоў бялявых, як салома, За шчасліўцам сочаць гарачэй, З зайздрасцю, з чаканнем невядомага Дзесяць ясных зорачак-вачэй. Дзень такі бязмерны і шчаслівы, Самалёт ляціць у глыб нябёс... Можна скокнуць наўздагон з абрыву - І ўзляцеў бы, і ўхапіў за хвост! Нам з гадамі ўжо не сняцца зоры, Але мы, паспеўшы пасталець, Не асудзім ў гэты дзень прасторны Мудрае жаданне паляцець.

Жаданы госць 

У небе сузор'і такія сінія, Сон над снягамі яшчэ плыве. "Добрага ранку, ўдава-гаспадыня, Мір клапатлівай тваёй галаве". Полымя цёплы чалеснік ліжа. Лёд на акне ад яго сышоў, Проста ў акно, ад водбліску рыжы, Звонку глядзіць і зайздросціць воўк. "Ты як знаходка для ўсёй брыгады: Сытыя ўсе, абшытыя ўсе... Толькі жывеш не сабе на радасць... Ведаеш?.. Не, пайду пакрысе".  * * * "Сонца якое, ўдава-гаспадыня, Дзень які добры... сустрэліся зноў... Што гэта села на скронях? Іней Ці сівізна ад мінулых гадоў? Ёсць ад чаго. І я гэта маю. Цяжка было нам жыць на зямлі: Мужа забілі твайго паліцаі, Жонку маю пад расстрэл падвялі: Боль абаім яшчэ сэрца паліць, Ты яго несці дапамагла... Тузіну год мы па іх сумавалі, Пухам няхай ім будзе зямля. Шкода глядзець на цябе, гаротная, Так бы й пагладзіў па галаве. Ці вінаватая ты ў адзіноцтве? Ці вінаваты я ва ўдаўстве? Ранак быў цяжкі. Стамілася, мусіць? А выглядаеш, як сліва ў расе. Добраю б жонкай была ты камусьці..." "Дзякуй на слове" - "Я... пайду пакрысе".  * * * Ноч надыходзіць. За вокнамі сінія Зноў заляглі бясконца снягі. "Што ж ты сядзіш без святла, гаспадыня? Пэўна, стамілася? Дзень даўгі... Ведаеш... восень - цяжкая штука, Але ж бывае і цёплай яна. Калі трымаеш жончыны рукі - Сэрцам адчуеш: зноўку вясна. Што ж ты зрабіла такое са мною, Што ад цябе мне дарогі няма, Што на душы мне так неспакойна, Што ў галаве маёй нейкі туман. Снег замятае шляхі-дарогі. Любая. Што ж ты? Не трэба, не плач..." Падае, Падае на падлогу З рук гаспадыні чорны рагач.