Вячэрні вечар на ўзлессі сінім. Бярэзнічак. Іржавы мох балота. За дальнімі халоднымі лясамі Ірдзее сонным сонцам небакрай. Зноў лужыны зацягвае лядок: Зіма саслаблая шалёна хоча Яшчэ хоць ноч падыхаць і пажыць. Пад ботамі намокнуўшая глеба Цалуе палка стомленыя ногі, Бы кажа: "Любы, любы мой, каханы, Не ўцякай. Пабудзь са мною трошкі". Я не пайду. Са мною патранташ І стрэльба на плячы. А ў сэрцы прага, Што прашчура майго вяла калісьці З сякераю на маманта. Вядома, Даўно заціхлі мамантавы крокі, Што выгіналі пад сабою глебу... Але у гэты час інстынкт крывавы Зноў абуджаецца ў душы маёй, І мне здаецца: вось пачую крокі, Вось з-за бяроз на рыжую паляну Праціснецца тупая галава, І выйдзе ён, магутны, дзікі, рыжы, Бы злеплены з балотных гэтых купін. Як леташняя жоўклая трава, Звісае поўсць. І я, ад захаплення Не памятаючы сваіх пячор, І вогнішча, і цяжкіх сківіц любай, - Насустрач кінуся з вясёлым крыкам І ў хобат кіну тручаную дзіду. О, дзе ты, цяжкі мамантавы бег Па сініх-сініх месячных раўнінах, Дзе вогнішча ў закураных пячорах, Малюнкі охрай на скляпеннях чорных І дзіда у асілкавых руках?! Мая здабыча - кулічок іржавы З пярсцёнкам залатым каля вачэй І з доўгай дзюбай, а сабой - кулак. Ляцець далёка, ледзь вяслуюць крыллі, Ён бачыць лес, начны перапачынак, І з радасці не можа утрымаць Свой крык: "Цыр-цыр! Хор-хор!" Вядома, подласць Страляць па слонках, стомленых вясной, Але ж інстынкт і прага, прага, прага. Вось ён ляціць на жоўтым фоне неба, І рукі цвёрда стрэльбу узнімаюць, І вока пільнае шукае мушку... Стрэл, як пярун!.. Вальдшнэп шугае ўгору... Ён проста падымаецца над лесам... Прамазаў я. І радасна чамусьці, І горка мне. Ляці сабе далей, Мая крылатая, святая радасць, Жыві і хоркай, і выводзь дзяцей, І, можа, я яшчэ цябе сустрэну І будзе двойчы радасць у мяне. Я, можа, мазануў зусім наўмысна, (А мо брашу, няўмельства прыкрываю, - Не ведаю.) Але нашто ён мне, Вось гэты мой бізон, мядзведзь і мамант З бяссільным і падвернутым крылом. Люблю жыццё, і гэты лес вясенні, І коцікі пушыстыя вярбы, І "хорр" вальдшнэпа. О, дваякасць сэрца: І прага ўбіць, і прага даць жыццё! Не, я не прашчур. Можа, ў тыя дні Я бараніў бы мамантаў ад згубы, Хай на зямлі былі б яны і зараз І скублі "сіні сон", нібы каровы, На любых, весніх, залатых лугах. Ляці ж далей, мая святая радасць, Будзі лясы няўмелым, сціплым рыпам. Не ўсім дано ў жыцці спяваць прыгожа, А славяць ўсё жыццё! Сляпое сонца Скацілася за пушчу. Цішыня, І першы-першы шум жывога лесу Азваўся мне. Даўно-даўно на небе Ірдзее стужка жоўтая зары, І толькі на найбольшай верхавіне Яшчэ ляжыць яе адбітак жоўты, На дзвюх сароках, што балбочуць жвава Пра тое, што мядзведзя не баяцца, Наверсе седзячы. Зноў шум жывы Азваўся ў лесе. Цёмны змрок і вільгаць, І цьмяна свеціцца вада балотцаў. І цішыня. І ў сэрцы песня шчасця Зліваецца з пяшчотным і любоўным Сінічым галаском непадалёку: "Цы-віць, цы-віць..."