Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 2

Святлана Белая

Станаўлэнне новай беларускай літаратуры, у чым так зацікаўлены быў паэт, вымагала яго звяртацца да названых прынцыпаў, распрацоўваць іх. І ён узяўся за гэтую нялёгкую справу. І тое, што паспеў ён зрабіць, увайшло ў скарбонку беларускай крытыкі.

Некалі Іван Мележ у сваім артыкуле “Наш раман і яго крытыкі” пісаў: “Нашым крытыкам, наогул яшчэ нярэдка не хапае ўмення падняцца над асобнымі фактамі, звязаць гэты факт з іншымі, глянуць на яго як на з’яву няспыннай гістарычнай плыні. А калі яны бяруцца за гэта, то, не маючы дастатковых шырыні і глыбіні поглядаў, робяць важную справу вельмі павярхоўна і вельмі прыблізна, таму і без належнай аб’ектыўнасці”.

Па сутнасці супраць гэтых недахопаў у свой час выступаў і Багдановіч у сваёй крытычна-літаратурнай спадчыне. Сам ён, беручыся за працу, заўсёды памятаў пра адказнасць за справу, імкнуўся да пазнання ісціны, да правільнага разумення той ці іншай літаратурнай з’явы.

Спецыяльнай навуковай працы пра Багдановіча-крытыка пакуль што няма. У кнігах М. Стральцова “Загадка Багдановіча”, А. Лойкі “Максім Багадновіч”, Р. Бярозкіна “Чалавек напрадвесні”, А. Бачылы “Дарогамі Максіма Багдановіча”, Н. Ватацы “Шляхі паэта”, артыкулах у перыядычным друку − разглядаюцца асаблівасці крытычнага мыслення паэта. (Толькі А. Лойка і М. Стральцоў прысвяцілі яму ў сваіх працах асобныя раздзелы крытычнаму майстэрству Багдановіча).

У сваёй працы я імкнуся на аснове ўжо вядомых звестак аб Багдановічу-крытыку, а таксама паводле ўласных назіранняў і дакументаў, што знаходзяццаі ў музеях і архівах, абгрунтаваць, якім сур’ёзным і арыгінальным крытыкам быў М. Багдановіч, якія плённыя вывады пакінуў для літаратуразнаўчай навукі.

РАЗДЗЕЛ І

Тое, што да рэвалюцыі на Беларусі М. Багдановіча ведалі пераважна як паэта, сёння нас не здзіўляе. Пры жыцці “Максіма-кніжніка” выйшаў адзіны зборнічак яго вершаў “Вянок”. З некаторымі вершамі можна было пазнаёміцца, чытаючы папулярную ў той час газету “Наша ніва”.

А дзе друкаваліся крытыка-публіцыстычныя артыкулы, эссэ Багдановіча, яго проза? У “Нашай ніве”, дакладна вядома, знаходзіцца толькі тры яго апавяданні і артыкул “Глыбы і слаі”. Пераклад жа Светазара Ваянскага “Юдава поле”, артыкул “Не жаласці, а праўды!” толькі прыпісваюцца М. Багдановічу. У іншых беларускіх выданнях надрукавана яшчэ некалькі матэрыялаў Максіма Адамавіча. Два артыкулы ў газеце “Вольная Беларусь”, па аднаму ў “Каляднай крыніцы”, “Каляднай пісанцы”,

часопісе “Krywicanin”. Яшчэ пяць яго артыкулаў знойдзем у часопісе “Украинская жизнь”.  А дзе надрукаваны астатнія багдановічавы творы? Іх трэба шукаць у рускіх выданнях. У «Ежемесячном журнале», «Северной газете», «Северных записках», «Нижегородском листке». І, безумоўна, у яраслаўскай газеце «Голос», з якой актыўна супрацоўнічаў М. Багдановіч. Больш як 40 яго празаічных твораў было надрукавана на старонках «Голаса». Акрамя таго ў савецкі час знойдзена шмат аўтографаў з паметкамі: “Яраслаўль, рэдакцыя газ. «Голас». Менавіта з гэтым рускім выданнем звязана крытычная дзейнасць Багдановіча.