Читать «Лятучы Галандзец» онлайн - страница 4
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
- Увага, - з сумам азваўся рэжысёр, - прысутнічаем пры нараджэнні серыі новых артыкулаў.
- Так, новых артыкулаў, - выбухнуў чырвоны Моршч. - Чыгунныя мазгі ў вас, вось што. Я таксама лепей пайшоў бы на дзюны і слухаў там мора замест таго, каб слухаць твае жарты. Што ж, прымусьце чалавека пісаць тэхнічныя раманы ў духу "Рэльсаў" П'ера Ампа. Будзе ў літаратуры яшчэ адной нудотай больш.
- Пайшла, паехала, - махнуў рукою рэжысёр. - Любчык, не перабівай ты чалавека, які аж на тыдзень старэйшы за цябе. Зразумей, няхай сабе ён піша, што хоча, але няхай жыве, як кожны чалавек. Глядзі ты, не спадабалася яму звычайная дзяўчына.
- Не звычайная дзяўчына, а... сказаў бы, але баюся цябе пакрыўдзіць, такія ў тваім гусце.
- Ну няхай, няхай, супакойся, мая дзетухна. Не трэба чакаць ад жанчын надзвычайнага: казачнай прынцэсы, бога з машыны, трасцы з хваробай. А сам звычайнага асабістага жыцця не здолеў наладзіць.
- І гэта не твая справа, - адрэзаў Моршч. - Ведаеш, я малю бога, каб яму дасталася сапраўдная прынцэса. Так абрыдлі шлюбы толькі з-за таго, што мужчыне апрыкралі сталоўкі.
- Перабольшваеш, - сказаў "грыбазвон".
- Ну добра, падвяду базіс. Жанчыне жахліва, калі пустэча ў ёй самой, а мужчына баіцца пустэчы вакол сябе. Сумна, цяжка, хочацца, каб пашкадаваў нехта. Ну і з'яўляецца дзяўчына, добрая, простая. Каханне. Пажаніліся. Пасля каханне або ломіцца - тады развод, - або пераходзіць у прывычку.
Моршч паклаў далонь на вочы і скалануў галавой. Пасля сказаў нейкім незвычайным, цёплым голасам:
- Магчыма, яно і лепей, што чалавек адзін з нямногіх не жадае задавальняцца проста жонкаю, а чакае сапраўднага кахання, што як удар бліскавіцы. Прыходзіць яно - чалавек шчаслівейшы за ўсіх на зямлі, а калі няма, дык лепей ужо нічога не трэба.
Рэжысёр, відаць, не адразу пазбавіўся ўражання ад гэтых слоў і таму сказаў ненатуральна фатаўскім тонам:
- Ты сёння, бачу я, проста п'яны... А я не магу так разважаць. Няма казачных прынцэс. Дзікае сцвярджэнне, але я асабіста ўпэўнены ў гэтым: няма на свеце кахання. Фізіялогія - гэта так, сям'я - гэта так. І дурань твой Касачэўскі, што шукае фей там, дзе іх няма. Вымерлі феі.
Мімаволі ў яго словах за п'янай зухаватасцю прагучаў сум, і Моршч гэта зразумеў. Сказаў упрашальным, душэўным голасам:
- А можа, яны ёсць, не зніклі, толькі ты іх не заўважаеш, бо каратказоры, бо не ўмееш шукаць?
- Не ведаю, - змрочна сказаў Грабоўскі.
- Што ж, напэўна ў яго асаблівы зрок, калі ён бачыць прыгажосць нават там, дзе мы нічога не заўважылі б, акрамя гною. Памятаеш яго "Ветракі"? Крыжы над раўнінaю, стаяў снег, асабліва суха ля пачатага стога саломы, сустракае вясну ля стога стары конь. Добра! І, ведаеш, мы, напэўна, самі вінаваты ў тым, што рамантызм вымірае: не прызвычаіліся бачыць прыгажосць нават у бочцы з зялёнай вадою ля плота, нават у зламанай вярбе. У нас даўно ўжо не дзіцячы зрок, мы не чакаем ад жыцця незвычайнага. А такія, як ён, заўсёды трошкі дзеці. Ён чакае, ён верыць - і жыццё пойдзе яму насустрач. Я ведаю, ён ва ўсім убачыць надзвычайны бок. Выпадак, які для нас проста смешны, для яго паўстае ў такім павароце, што ён бачыць: гэта казка, гэта паэзія. А мы, суровыя практыкі, застанёмся ў дурнях нават і з практычнага боку. Таму што ён жыве і не міне сапраўды рэдкага і прыгожага.