Читать «Лятучы Галандзец» онлайн - страница 3

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Такія меры былі дарэчы, таму што ў гарадку з'явілася некалькі Лявонавых суайчыннікаў. Жылі яны не тут, а ў невялічкай гавані, базе маторных ботаў, даволі далёка ад пасёлка, на поўнач ад яго, і з'яўляліся ў гарадку, а значыць і ў бары, толькі часамі. Лявон у твар ведаў некаторых з іх і не вельмі любіў.

Адзін з іх быў высокі, вельмі спешчаны мужчына з маладой сівізною - вядомы рэжысёр. Другі -маленькі, са смешным памятым тварам - яго сябра, крытык Моршч (а для ўсіх проста Вінцук). Астатнія былі, напэўна, артысты: падкрэсленая выразнасць жэстаў, што па-за сцэнай здаецца ненатуральнай, тэмбрыстыя галасы. Чаго яны тут, Лявон не ведаў. Ён чуў, праўда, што рэжысёр Грабоўскі заўзяты яхтсмен, таму і не здзіўляўся, што бачыў іх тут. Яго больш хвалявала тое, што хтосьці, напэўна, рэжысёр, заходзіў у адсутнасць Лявона да яго на кватэру. Гэта было непрыемна.

І трэба ж было так здарыцца, што ў той вечар Касачэўскі зайшоў у бар і не паспеў агледзецца, як пачуў размову гэтай вясёлай кампаніі амаль поруч з сабою, за вялікай філадэндрай.

Размаўлялі аб ім.

- Што, уласна кажучы, такое з гэтым Касачэўскім? - спытаў адзін з артыстаў.

Рэжысер прыгожым жэстам (ён трымаў папяросу ў выцягнутых і паўсагнутых пальцах, агнём да далоні) збіў попел:

- Уласна кажучы, звычайная гісторыя. Прафан у адносінах да жанчын. Звычайная дзяўчына была, я нават ведаў яе. Прыгожая. Абрыдла ёй занадта вялікая сумленнасць жаніха, і яна вырашыла ў чаканні шлюбных радасцей зрабіць размінку.

Малады чалавек з занадта калматай "канадкай" рагатнуў.

Яшчэ адзін сабутэльнік, чалавек з пароды тых, якіх завуць "грыбазвонамі", усміхнуўся:

- Кіньце жартаваць, хлопчыкі. Гэта хоць і смешна, а чалавеку няшчасце... І ўсё ж, які шчанюк! "Ненавидя человечество, от него бежит спеша".

Крытык Моршч усміхнуўся аднымі вачыма.

- Самае дзіўнае, што з усяго Бальманта нашы крытыкі ведаюць адзін толькі гэты радок. І жывуць гэтым капіталам да сівых валасоў.

- Не пра гэта справа ідзе, любы, - з паблажлівай пагардай сказаў Грабоўскі. - Можа, гэта і смешна, а я інстынктам не люблю гэтага чалавека. Ведаю - добры хлопец, ведаю - неблагі паэт, ведаю - не ханжа. А не люблю таму, што ён у адносінах, скажам, да мяне, - белая варона. Мне ён быў патрэбен - вы ведаеце па якой справе, - конча патрэбен. Песні мне патрэбны ў яго духу. Заходжу да яго - няма, пайшоў кудысьці. А на стале - я не цікавіўся, але адразу трапляе ў вочы - чагo толькі няма: "Сагі пра вікінгаў", "Гісторыя конунгаў Нарвегіі", раманы Канрада. І на самай сярэдзіне стала - "Легенды паўночных мораў". Я па запрашэнню гаспадыні чакаў хвілін дваццаць і цікнyў у гэту кнігу. Адкрыта на гісторыі Лятучага Галандца. Ну нашто гэта патрэбна, каму? Разумее ж ён гэта. А ў асабістым жыцці... ах, дамы і трубадуры, ах, Гаральд Вілабароды! Чалавек-рамантык, сцвярджаю гэта, у наш век тое самае, што жывы мамант.

Моршч рэзкім рухам адсунуў разам з сурвэткаю шклянку з віном. З грымасай гідлівасці ўзяў чужую папяросу.

- Глупства кажаш, стары. Чалавек - гэта ўсё. Гэта метад кесоннай адліўкі і язычаскія абрадавыя песні, сучасная філасофія і лятучы галандзец, атамная фізіка і вершы галіярдаў. Усё патрэбна на зямлі, усё -чалавек. А ты кажаш звычайную пошласць. Што ж, адабраць у дзяцей беларускія легенды, адабраць Пакацілу, вужыную каралеву, Яна Прыгожага. Хто з іх вырасце? Голыя практыкі без фантазіі. Я не ведаю, але я ўпэўнены, што Эйнштэйн чытаў казкі Андэрсена.