Читать «Лятучы Галандзец» онлайн - страница 6
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
І човен пагойдваецца. І галава мокрая ад расы. Сон схіляе галаву на банку чоўна. У такі час прыходзяць сны і здані.
І таму Касачэўскі ў першую хвіліну амаль не здзівіўся, калі непадалёку ад яго, але амаль зусім нябачны за туманам, праплыў сілуэт карабля. Стройны, выцягнуты, з прыгожымі абводамі, з трыма мачтамі, на якіх былі слаба напятыя ветразі, ён плыў павольна-павольна. Ён здаваўся б сном, калі б не лёгкія вусы пены, што беглі ад яго ў бакі, ледзь бачныя ў тумане.
Касачэўскі, як большасць сучасных людзей, быў поўным прафанам, што датычыцца старажытных караблёў, але тут нават ён, праціраючы заспаныя вочы, войкнуў ад здзіўлення: карабель семнаццатага стагоддзя, прывідны ў тумане, ходкі, як мара, праплываў перад ім. Лявон быў вельмі сучасным чалавекам і, вядома, нікому не паверыў бы, каб яму сказалі такое. Але не верыць уласным вачам было немагчыма. Карабель быў тут, такі прыгожы, такі імпэтны.
Яму здалося, што ён спіць. Але не. Адчынены порты, ля парэнчаў з пузатымі балясамі стаяць невыразныя ў тумане, нерухомыя постаці.
Што ж гэта такое? Звар'яцеў ён або, можа, сапраўды ў сярэдзіне дваццатага стагоддзя плаваюць па морах караблі-прывіды? Не, гэта сон.
І толькі ён паспеў падумаць пра гэта, як роўны, мёртвы голас пачаў аддаваць словы каманды.
Касачэўскі чуў, што галандскай мове ўласціва падаўжэнне галосных. Да таго ж, ён чытаў "Уленшпігеля", дзе таксама трапляюцца галандскія словы. Але ў тую хвіліну ён не думаў пра гэта. Ён арганічна адчуваў, што гэта менавіта галандскія словы.
Што за д'ябал?! Але які голас, які мёртвы голас!
У тую самую хвіліну ён пачуў, як другі голас, малады і жаласны, пачаў прасіць аб нечым. Гэты раз мова здалася яму нямецкай, якую ён трохі ведаў. Ён нават разабраў паасобныя словы:
- Нявеста... нявеста... Яна чакае... Злітуйцеся... Гэта тут, блізка.
У адказ зноў той самы мёртвы голас і незразумелыя словы.
- Марыя! Марыя! - зноў пачаў жаласна стагнаць малады голас. - Марыя!
Касачэўскі адчуў, што ў яго пачало падазрона паколваць у каранях валасоў. Гэты голас гучаў такой непрыхаванай прагай, такой адвечнай тугой, што мурашкі прабеглі ў яго па спіне.
- Пусціце яго, - сіпата крыкнуў Касачэўскі.
Але ў тую самую хвіліну нешта пераляцела цераз борт і пляснулася ў ваду, а карабель, змяніўшы трохі курс, пачаў аддаляцца і канчаткова растаў у тумане.
Толькі голас яшчэ маліў недзе з такім жарам і безнадзейнасцю, што, здавалася, памеркне святло. Але гэта была ўжо невядомая мова:
- Марыя! Марыя! Тамуз! Панмегас тэфнеке!
Касачэўскі ўзяўся за вёслы і пачаў падграбаць да таго месца, дзе, ён бачыў, нешта ўпала ў ваду. Ён падплыў бліжэй і раптам убачыў пузатую, дзіўнай формы бутэльку, што плыла, пабліскваючы мокрым шклом.
Ён працягнуў да яе руку, спадзеючыся, што яна растане ў паветры. Але бутэлька лягла ў яго руку зусім адчувальным цяжарам. Ён паклаў яе ў човен і некаторы час сядзеў з закрытымі вачыма. Пасля расплюшчыў іх - бутэлька была на месцы, і ў ёй жаўцеў скрутачак паперы. Сэрца тахкала. Лявон акунуў галаву ў ваду. Парныя кроплі падалі яму за каўнер. Пасля пачаў машынальна выграбаць да берага.