Читать «Лятучы Галандзец» онлайн - страница 5

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Грабоўскі скрывіўся, як ад зубнога болю:

- О-ох, з якою ахвотаю я даў бы яму андэрсенаўскія чароўныя галёшы! У якіх дурнях апынуліся б гэтыя толькі што спечаныя рамантыкі, каб іх паставіць тварам у твар перад дзейснасцю, дзейснасцю будзённай, толькі звонку афарбаванай у колер казкі. З ахвотаю паглядзеў бы на гэта!

- Ну і дурань.

Касачэўскі знік, не дачакаўшыся канца размовы. Абрыдла. Пустыя, п'яныя пабрахенькі, і больш нічога. Чуў яшчэ толькі, што сярод кампаніі выбухнула нейкая спрэчка.

Ён пайшоў з горада і накіраваўся ў дзюны. Глупства, усё гэта глупства! Ніколі ён не быў рамантыкам, хіба што шукаў незвычайнага, без якога нельга, цяжка, нудна жыць. Асабліва брыдка было, што Грабоўскі перагортваў кнігу, выпадкова забытую на стале.

Ноч плыла над халодным морам, цягнуліся рэдкія пёрыстыя аблокі. Мора шырокае, як душа чалавечая, каціла на пясок лянівыя хвалі. Ах, мора, мора! Хіба не на гэтых бедных берагах, на якія і дагэтуль выкідваюць хвалі абломкі бурштынавага палаца, хіба не на гэтых берагах зарадзілася казка, хіба не тут ёй жыць? На гэтыя берагі выходзілі калісь легіёны паўдзённых воінаў у медных шаломах. Адкуль з'явіліся ў муміях фараонаў вочы з бурштынаў, тваіх бурштынаў, мора? Ты ляжала спакойнае, бутэлечна-зялёнае, шапацела лёгкімі хвалямі. Плылі па іх у тумане ганзейскія караблі; плылі на Готланд і Руген, дзе яшчэ не астыў попел ля храма Святавіта, галеры беларускага князя Вячка.

Гатландцы пудамі жэмчуг грабуць. Самацветы ламаюць там спіны каней. Іх жонкі на пралках прадуць залатых, З сярэбраных чопаў кормяць свіней.

Бягуць быстраногія коні марэй, плывуць па іх незвычайныя караблі. Мора, мора! Ранкам, калі туман укрывае твае воды, можа, сам лятучы галандзец, карабель, асуджаны вечна вандраваць, імчыць у тваім тумане. Вецер надзімае ружовыя ветразі, падобныя на дзявочыя грудзі. Капітан стаіць пад мачтай, стаяць на пастах нерухомыя маракі. Раз у год, калі ад зямлі павее вецер, з карабля спускаюць шлюпку. Капітан аддае самотнаму рыбаку сумку з лістамі, якіх нельга даставіць па адрасу, бо гэтыя людзі даўно памерлі. Але над прывідамі не імчыць час. І зноў яны, раз у год, сумуючы па цёплай зямлі, перадаюць лісты да бацькоў, якія не дачакаліся з мора разудалых сыноў, да сёстраў, якія выплакалі ўсе вочы, да залатакосых нявест.

II

Мора, як люстра. Зноў то прыходзіць, то знікае нячутны сон. Ноч толькі-толькі пачала святлець, і лёгкі перадранішні туман вісіць смугою над морам. Ён адлівае шэрым, попельна-жамчужным, слаба блакітным. Плыве кудысь над чоўнам, хістаецца, звіваецца ў пасмы і ляціць у неба.