Читать «Лятучы Галандзец» онлайн - страница 2
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Касачэўскі ніколі не быў артадоксам, але яго так абурыла іх слепата, што яго ўзарвала.
Некалькі дзён пасля таго ён не размаўляў з Анэляй, але яна прыйшла да яго сама і так міла шчабятала, рабіла такія нявінныя вочы, што ён не вытрымаў.
Ён памятаў, як аднойчы, калі яны ўжо былі жаніхом і нявестай, ім давялося сустракаць дзень нараджэння ў адной Анэлінай сяброўкі. Вечар скончыўся позна, дача была далёка за горадам.
Ім паслалі ў адным пакоі, перагарадзіўшы яго шырмаю. Пры гэтым гаспадыня дачы (Касачэўскі мог бы пабажыцца) з выразнасцю паглядзела на сяброўку, і ў вачах яе Лявон заўважыў прытоеную ўсмешку. Лявон, вядома, не думаў адмаўляцца, выглядаць у яе вачах смешным. Але гэта было так непрыкрыта і так бессаромна, што ён пайшоў на веранду і курыў там, пакуль усе не заснулі.
У пакоі ён доўга глядзеў на спячую. Напружаны нават у сне твар, раскрыты рот (паліпы ў носе, ці што?). Нічога ад яе дзённага зачаравання не было ў гэтым вобліку, толькі ніколі раней Лявона так не цягнула да яе, не быў ён такі блізкі з ёю - да апошняй мяжы. Насланнё нейкае!
Але ён шкадаваў нявесту і памятаў выразны позірк гаспадыні. Шырма засталася стаяць.
Што ж гэта было? Толькі не каханне, бо разляцелася ў трэскі ад першага позірку хлюста, што стаў на іхняй дарозе за месяц да вяселля. Ён выпадкова ўбачыў іх разам, але яна пры апошнім спатканні хлусіла яму, выкручвалася, як вужака пад віламі. І самае дрэннае было тое, што ён ведаў, ведаў усё, пагарджаў ёю, не паважаў ані на шэлег, - і ўсё ж гарнуўся да яе, так гарнуўся, што ўсё мог дараваць.
А пасля было так цяжка, што ён уцёк сюды і толькі тут трошкі супакоіўся. Усё па-даўнейшаму. Сустрэне сапраўдную, адзіную сярод усіх, - адаб'е нават ад дзесяцёх. Не сустрэне - не трэба ніякай.
Паступова Лявон уцягваўся ў жыццё гарадка. Яно было простым, як чаргаванне дзён і начэй, працы і адпачынку.
Уночы ён звачайна браў у гаспадыні човен і, карыстаючыся брызам, адплываў далёка ад берага.
Уздыхала мора, курылася лёгкім туманам. Галава рабілася мокрай ад расы. Ён спакойна засынаў на дне чоўна, ведаючы, што мора будзе спакойнае аж да самых асенніх бур падчас раўнадзенства. Сон быў чуйны: праз кожныя дзесяць хвілін ён знікаў, пасля зноў ахутваў вочы. Човен пагойдвала.
А калі сон не прыходзіў, Лявон ціха чытаў любімыя вершы:
Ціша панавала над морам, плыў блакітны, празрысты туман.
Асабліва баяўся цяпер Лявон сустрэчы з якім-небудзь земляком-інтэлігентам. І ўсё ж лёс не ўбярог яго ад такога шчасця.
Часам Касачэўскі заходзіў у бар выпіць шклянку моцнага мясцовага піва. Часцей за ўсё ён рабіў гэта тады, калі ў бары было мала народу. Ды і садзіўся ён у кутку, ля самага ўваходу, за вялікай філадэндрай, мясістае лісце якой добра хавала яго.