Читать «Кастусь Каліноўскі» онлайн - страница 9

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Вось так, людзі... Вось так, браты-мужыкі... Вось так, народ...

Гарэліха (бярэ адну “змяю”). Ланцуг зрабіць для калодзежа, ці што?

Чортаў Бацька. Л-ланцуг? Баба ты, курыныя твае мазгі, дурацкія, пакуль з лавы ляціш – сем дум перадумаюць... Досыць ланцугоў! У Нёман іх, хай глытае!.. Досыць...

Топча звінячую кучу. У гэты момант з крыкам “Ура!” увальваецца натоўп.

Мужык. Яў-хі-ім! Вастравух! Гарматы ў палон узялі! Аж чатыры!

Кастусь ідзе да Караліны, якая схілілася над параненым.

Кастусь. Што ты?

Караліна. Ранены – гэта проста ранены. Яго трэба лячыць.

Кастусь. I тут твая праўда... Як у вас рукі лётаюць... Як стрыжы над ракой...

Караліна. А вашы грубаватыя, гожыя, яны надзейна кладуць бінт.

Яўхім (да Вастравуха). Даруй... I ведай: цяжка нам дасталіся нашы хаты. Мужык дарэмна ніколі не бунтуе. Але вашых больш хапаць не будзем... братка.

Кастусь. Я раней не разумеў, чаго гэта хворыя, ачуняўшы, часта жэняцца з сядзелкамі.

Караліна. А цяпер?

Кастусь. Пачынаю разумець... Бо гэта – як добры лёс над табой... Часам, відаць, прыемна адчуваць сябе слабым.

Салдат падымае галаву.

Салдат. Каго адпусцілі, браты, каго?

Кастусь. Салдата.

Салдат. Цаплін гэта... Кашулю зняў... Палкоўнік... Апошні паход з намі быў... На Магілёўшчыну потым яго... пераводзіць... хацелі... Дзе пажар найбольш зыркі... Вешальнік... Вешаюць жа вас у Вільні... Вешаюць... Шкада...

Памірае. Кастусь і Караліна, разгубленыя, стаяць над ім, узяўшыся за рукі. А над імі зноў узлятае “Ура!”.

Галасы. Ура ваяводзе! Ура атаману! Ура! Ура-а-а!!!

Карцiна трэцяя

Пакоі ў кватэры Юзэфы Яневіч. Куток прыхожай, у якой сядзіць Чортаў Бацька, і гасціная. У гасцінай Кастусь, Караліна, Арсень, Пасланец Белага жонду. Гаспадыня кватэры сядзіць у крэсле, такая ўладная, што здаецца – пад ёю не крэсла, а трон. Кульмінацыя спрэчкі.

Кастусь. Мы з вамі не будзем, панове белыя. Не!

Пасланец. Як хочаце. Але варшаўскі Белы жонд забараняе вам рабіць стаўку на хамаў...

Арсень. Вашай забаронай мы...

Яневіч. Арсень, ты што, дзетухна, у карчме?

Арсень. Прабачце, цётка Юзэфа... Але яны – лішнія. Стаўленікі іхнія кінулі нас, а яны цяпер “забараняюць”.

Яневіч. А яны, дзетухна, не кінулі. Яны проста ў разгар бунту ўспомнілі, што ў Парыжы не бывалі. Дай, думаюць, з’ездзім.

Пасланец. Ваш мужык – хам, здраднік. Яго радзіма там, дзе ён кучу гною растрасе. Пляваць ён на астатняе хацеў.

Кастусь. Гэта стагоддзі вашага панавання зрабілі яго такім.

Яневіч. Адсталыя, любчык, людзі. Немудрагелістыя, як барана. Пытаюся я нядаўна ў вясковага хлопчыка, чым яны пысы выціраюць, як памыюцца. А ён мне: “Татка рукавом, мамка – падалом, а я – сам сохну”. Вось і растлумач ім, што ўсе яны цяпер вольныя, як старапольская шляхта.

Кастусь. Але ён устае, мужык радзімы. I калі вы не будзеце з ім – ён вас выкіне.

Пасланец. Такое паўстанне нам непатрэбна. Мужык лезе ў яго бруднымі лапамі, а не лезе, дык прадае.

Яневіч. Дзіўна. Т ысячу год камандавалі – і не абрыдла ім!

Пасланец. Дваране ўмеюць ваяваць.

Чортаў Бацька (голасна). Яшчэ б, усе продкі разбойнічалі.

Пасланец. Яны ваююць лепш за мужыкоў.