Читать «Кастусь Каліноўскі» онлайн - страница 8

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Ён сядае і пачынае ліхаманкава сцягваць з сябе палявую афіцэрскую кашулю. Ціхі жаласны стогн. Цаплін насцеражыўся. Адна з нерухомых фігур прыўзнялася на рукі і, бяссіла перакаціўшыся, упала на спіну.

Салдат (стогне). Брат! Брат! Дапамажы!

I, нібы ў адказ яму, аднекуль чуваць: “Братка! Братка! Ратуй!” Некаторы час, з інтэрваламі, ідзе нібы пераклічка стогнаў: “Брат! – Братка!” “Брат! – Братка!” Цаплін, нібы падумаўшы нешта, ідзе да салдата.

Пан палкоўнік?.. Вы?

Цаплін. Я... я... Дай здыму кашулю. Пагляджу, што і як.

Салдат. О-о, смертухна... Ратуй... Ты вёў – ты ратуй цяпер, калі ласка.

Цаплін здымае з салдат а кашулю. На сарочцы кроў.

О-о... Дзякуйце за дабрыню, ваша...

Цаплін. Кажы “ты”... Мы – салдаты... Адкуль?

Салдат. Казанскія мы... Мужыкі...

Цаплін. І я казанскі...

Салдат (задыхаючыся). Ваша высакароддзе... Няправедная гэта справа... Няправедная... Мужыкі, як нашы... Піць-есць хочуць... Гадаваць бы галодных, а мы страляем...

Цаплін, не звяртаючы ўвагі, нацягвае на сябе салдацкую кашулю. Сваю кідае побач з паміраючым. Салдат заўважае гэта.

Брат! Брат!

Цаплін ударае салдат а нагой.

Цаплін. Маўчы, чарналапатны.

Салдат траціць прытомнасць. Цаплін зусім быў сабраўся бегчы, але тут на поле рынуў узброены натоўп мужыкоў і інсургентаў. Сярод іх усе людзі з мінулай карціны.

Заруба. Стой! Стой, салдат, зарад карцечы і палікандзіла табе...

Цаплін падымае рукі. Мужыкі заўважаюць ля параненага палкоўніцкую кашулю.

Галасы. Палкоўнік! Падмануць, пераапрануцца хацеў! Кат! Віламі яго!

Кастусь. Не смець параненых! Стой! (Да Цапліна.) Хто такі?

Цаплін. Салдат ... Крутаў Сідар... Цвярскія мы...

Кастусь. Што ж ты, салдат ? Хіба гэта салдацкая слава, хаты паліць?..

Цаплін. З-загадана нам... Шпіцрутэны зноў жа... Дахаты б... Конь зноў жа...

Арсень. Пусціце яго, мужыкі...

Вастравух. Каго? Яго? А можа, гэта ён паходню пад страху першы ткнуў?

Яўхім (змрочна). Мужык ён. Няма чаго нам з ім дзяліць.

Яўхіміха. Простыя людзі... Томна і ім...

Арсень. Няхай гэты ідзе. Досыць крыві. Няхай раскажа, што робім з тымі, хто прыносіць вялікі агонь.

Паранены захрыпеў і падняў галаву. 3 хвіліну глядзіць Цапліну ў вочы.

Цаплін. Палкоўнік! Бачыш, супраць каго вёў? Пускаюць мяне. Высакароднасць якая! А ты, сволач! (Ударыў параненага). Ты... На каго вёў? На братоў?!

Салдат. Браты!

Траціць прытомнасць. Цапліна закалаціла.

Яўхім. Бачыце? Хай ідзе... Ідзі...

Цаплін пайшоў. Наўздагон яму – вясёлы свіст. Пабег.

Баяцца нас, хлопцы.

У гэты момант з’яўляецца Чорт аў Бацька, літаральна згінаючыся пад цяжарам ахапка кайданоў.

Караліна. Што гэта ён?

Чортаў Бацька. Гатовенькія везлі, паненачка... Каб на цёпленькіх надзяваць. Ці не возьмеце часам, пан Кастусь? Ці не возьмеце, пан Яўхім?

Людзі разбіраюць кайданы. Яўхім бярэ адны, як змяю, кладзе на рукі, важыць. На яго твары грымаса страшнай гідлівасці.

Яўхім. Гэта як жа... Мне?

Гарэліха. Што? Не хочаш?

Яўхім. Вось як... (Кідае кайданы ўбок.) Вось яно як...

Кастусь. Вось так... I штамп... “Імператарскі Пятроўскі завод”... В-вось так.

Кідае кайданы. Кідаюць яшчэ. Ляск... Ляск...