Читать «Кастусь Каліноўскі» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Вастравух. Кастусь... Ты бачыш... Вось як яны... З сякерамi... Доўбнямi... Ловяць паўстанцаў. Аддаюць iх уладам... нашто мне жыць?.. (Рыданне раздзерла глотку Вастравуха.) нашто-о, калi я за iх?!

Яўхiм. Слёзы табе выцерцi?

Кастусь. I выцеры. Яны гэтага вартыя, такія слёзы. Табе такімi до-оўга яшчэ не плакаць. Слязьмi крыўды на свой народ... Ах-х, якая ж вы яшчэ цемра, якая слепата, калi - свае! - сваiм галовы сячэце!

Гарэлiха. Якiя яны да халеры свае! Яблыкi з панскага дрэва.

Кастусь. Яны свае, баба. Яны ўпалi са сваёй яблынi i адкацiлiся на мужыцкую нiву. Чаму ты пайшоў у лес, Вастравух?

Вастравух. Бацька абразiў маю мацi... Ён мяне пракляў, калi я пайшоў у лес. А я не мог не iсцi. Бо гэта такія, як мой бацька, запраўляюць у воласцi, царкве, судзе, турме. У павеце, губернi, сенаце, на...

Кастусь. Стой, Вастравух, далей не трэба... З часам... (Да мужыкоў.) Самi бачыце... Людзей з хворым сумленнем, дзяцей, якiя зразумелi падман бацькоў, вы - сякерай. А падман будзе, калi яны не перамогуць. На вас будзе вiсець! На дзецях вашых! (Паказаў на маладзiцу, якая гадуе грудзямi дзiця.) Ну вось ты... Сын гэта?

Маладзiца. Сын.

Кастусь. Мужык. Падман чыноўнiкаў будзе вiсець i над iм. Будзе ён расцi, твой сын, Яўхiмаў, мой, цароў брат . Будзеш ты яго макам паiць, каб не вякаў, не перашкаджаў жаць чужое поле... Стане хлопчыкам, вучыць трэба. А школа ёсць?

Чортаў Бацька. Раней на стайнi была. Цяпер - у воласцi. Порткi ў руках трымае.

Кастусь. А ўрад адно скубе з вас падаткi. А мiж тым не вы для ўрада. Урад для вас. Без вас яны, няробы, з голаду здохнуць.

Маладзiца. Што ж з iм далей будзе, дзядзька?

Кастусь. А далей пачне яго ўрад вучыць, як жыць. Затлумiць галаву, навучыць пляваць на розум, на цябе, мацi. А захоча праўды - павязуць туды, дзе бабы бялiзну мыюць, а пранiкi на неба кладуць. Мацi прымусяць забыць, сумленне, свой народ.

Сям-там пачынаюць усхлiпваць бабы.

А потым за ўсю працу - крыж струхнелы. I канец.

Каралiна. Iншыя - гавораць. Гэты - як душу аддае.

Арсень. I якую душу...

Кастусь. Не. Ён, i я, i ўсе iншыя такія паклялiся апошняй клятвай жыццё аддаць, каб твой сын быў шчаслiвы... Ты, Васт равух, жыццё сваё аддаў бы за яго?

Вастравух (проста). Я аддаваў.

Кастусь. Мы ўсе аддаём. Мы часам знемагаем. I я прашу вас, мужыкi Бахарэвiчаў, калi не хочаце самi паўставаць - хаця не перашкаджайце, не дапамагайце свайму i нашаму ворагу.

Чортаў Бацька. Што ж мы, за чужой спiною сядзець будзем?

Кастусь. Сядзiце, калi хочаце. Чыноўнiкi, каб вы нас не падтрымалi, глядзiш, яшчэ i зямлi вам прырэжуць. Узнагародзяць за дурасць... А колькi мужыкоў iдзе з намi! I тут, i на Магiлёўшчыне, i паўсюль. I паўсюль, дзе перамагае iхняя сiла, - у мужыкоў зямля, воля, мова, слава. I няма над iмi нiякай улады, акрамя iхняй справядлiвасцi. Няма ўжо нi чыноўнiка, нi пана, нi хама. Ёсць - Людзi.

Яўхiмiха падыходзiць да Кастуся.

Яўхiмiха. Пакажы вочы. Адкуль жа гэта ты такі адчайны? Ты што, бессмяротны? Мацi не шкадуеш?

Кастусь. Я не памятаю мацi. Рана памёрла. Няма каго шкадаваць. У мяне, жанчына, адна мацi.

Яўхiмiха. Хто?