Читать «Кастусь Каліноўскі» онлайн - страница 3
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
З-за дрэў сыпануў на прагалiну вiруючы сялянскi натоўп: бабы, мужыкi, дзяды. У руках цапы, доўбнi, сякеры. Вядзе натоўп Яўхiм Барданос, сталы, страшнаватага выгляду мужык. З iм ягоная жонка з аглаблёй. Пярэднiя мужыкi цягнуць Вастравуха. Яму, вiдаць, давялося паспытаць кухталёў. За iмi другiя цягнуць звязанага Зарубу. Народ кiпiць.
Яўхiм. Цягнi iх, хлопцы! Бi! Сячы галовы!
Яўхiмiха. Бач ты, з iхнiх зажывошчаў нам хаты спаляць. Зброю iм! Прыгон!
З Вастравуха зрываюць перавязь.
Галасы. Злодзей нясыты! Чамарка панская! Давай тапор! На пень яго! На пень!
Падарожны, рассоўваючы людзей, iдзе да пня.
Падарожны (цiха). Вастравух... Бог ты мой, што з табой зрабiлi?!
Вастравух (спакойна). Хрыста таксама распялi людзi, для якiх ён жыў.
Перад iм стае Яўхiмiха.
Яўхiмiха. А ты галодны рот печкi бачыў, Хрыстос?
Вастравух. Баба бедная, гэта ж мы за вас... Супраць бацькоў сваiх... за вас!..
Яўхiмiха. Пан мужыку тлумачыў: “Гэта, мужык, атлас”. А мужык яму: “Ад нас, паночку, ад нас”. (Са страшнай iронiяй.) Ты - пан. Ты “за нас”, як воўк за авечую шкуру.
Маўчанне. Вастравух зразумеў. Стае на каленi перад пнём.
Вастравух. Што ж, вазьмiце жыццё. Яно - ваша.
Яўхiм бярэцца за сякеру. Падарожны працiснуўся да яго. Якраз у гэты момант з'явiлiся на грэблi Арсень Станевiч i Каралiна.
Арсень. Вядзi хутчэй да ваяводы. Тэрмiновыя весткi з Вiльнi, панна Каралiна.
Каралiна. Ды Васт равух якраз тут, ля млына, павiнен быў сустрэцца з кiмсьцi...
Арсень. З iм якраз...
Каралiна (убачыла людзей). Божа!.. Арсень, глядзiце!
Уражаныя, яны застылi. Потым Арсень адштурхнуў Каралiну за дрэвы.
Яўхiм (Вастравуху). Ты хто такі?
Вастравух. Камандзiр атрада паўстанцаў.
Яўхiм. Малiся... Замольвай апошнi грэх.
Падарожны. Якi грэх?
Яўхiм. А ты хто?
Чортаў Бацька. Ды наш... Мужык ад чобатаў да гаворкi... Вандруе...
Яўхiм. Сляпы... Мужык галадае, мужык памiрае. Цар мужыку долю даў. I знайшлася сабачая парода, што супраць загаду цара... Каб прыгон вярнуць, стайнi, каб мацi ад дзяцей асобна прадавалi... (Узняў сякеру.)
Падарожны (з пагрозай). Стой! Што робiш?! Ты яму жыццё даў, каб адбiраць? Ты, вiдаць, з дзяцiнства такі: тварык бяленькi, ды на вуме мяленька. Яны за цябе воляй, шчасцем, жыццём рызыкуюць... А ты... багаты дужа... Скарбы табе такія кожны дзень пад ногi сыпалi... Зiрнi яму ў вочы, ты, чакуха драўляная... Могуць быць такія вочы ў гада?..
Паўза.
Арсень. Самасуд. Схопяць.
Каралiна. Такога адважнага? Не-е. Хто гэта?
Арсень шэпча ёй на вуха.
Што будзем рабiць?
Арсень. Пачакаем... (Выцягнуў пiсталеты i паклаў iх перад сабой на пень.)
Яўхiм. Ды цябе чаго яшчэ слухаць? Ты хто такі, кiслая шэрсць, каб парады даваць?
Падарожны стаў на пень. Зрывае парык i вусы, адкрываючы вельмi малады твар з гарачымi вачыма. Скiдае свiтку. Пад ёй чамарка, падпяразаная срэбным поясам. За поясам два пiсталеты з залатой насечкай, вялiзныя, старыя.
Падарожны. Я - вярхоўны ваявода паўстанцаў Гродзенскай губернi, Кастусь Калiноўскi.
Адхiснуўшыся, ахнуў натоўп.