Читать «Кар"ер» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
Яе ж тут не было.
Але чаму яе не было? Хіба яна выжыла? Ці загінула яшчэ дзе ў канцлагеры, вывезеная з мястэчка? Канечне, тады ўсё магло быць, але чатыры дзесяткі гадоў Агееў пражыў з упэўненасцю, што яе таксама не мінуў агульны іх лёс. Урэшце, страшныя падзеі той восені нікому не пакідалі надзеі, усе яны былі асуджаны, і толькі ён шчаслівым выпадкам выкруціўся з учэпістых кіпцюроў смерці. Але два шчаслівыя выпадкі ў іхнім становішчы было б ужо занадта, у другі ён не мог паверыць. І яму здавалася, што тут надарылася непаразуменне, што проста яе не знайшлі, бо і не шукалі. Ведаў жа пра яе адзін толькі ён. Ну, і паліцыя, канечне, якая ўрэшце ўсё і раскапала. Але ў паліцыі цяпер не спытаеш, а дакументаў не засталося. Паліцыя таксама ўмела хаваць канцы ў ваду.
Заставалася папытацца ў людзей.
Адышоўшыся ад помніка, ён агледзеўся. Плошча, вядома, змянілася так, што не адразу пазнаеш, але царква стаяла на ранейшым месцы, і яна памагла яму з'арыентавацца. Далей трэба было павярнуць у завулак. Прыглушыўшы зразумелую трывогу ў душы, Агееў хуткім крокам скіраваў ад цэнтра да ўскраіны, перш за ўсё на яго Зялёную — добра яму знаёмую вулічку, забудаваную звычайнымі, амаль вясковымі драўлянымі дамкамі з невялічкімі агародамі і садкамі, якія ўпіраліся канцамі ў шырачэзны глыбокі роў з ручаём і старымі дрэвамі на схілах. Да яго найвялікшай радасці, тут няшмат што змянілася, хіба некаторыя дамкі прыкметна абстарэлі, іншыя ж — наадварот — пасля рамонту прыгожа жаўцелі свежафарбаванай шалёўкай. У самым пачатку вуліцы на рагу высіўся вялікі дом з трыма вокнамі на фасадзе пад аграмадным, на нямецкі манер зрэзаным на каньках гонтавым дахам. Ледзьве стрымліваючы неспакойнае сэрца, Агееў прайшоў у канец гэтай кароценькай вулічкі, яшчэ здалёку пазнаўшы лапленую гонту на хаце Бараноўскай, у якой ён правёў некалі тры незабыўныя месяцы свайго жыцця.
Ягоная радасць, аднак, стала аціхаць па меры таго, як ён травяністай узбочынай набліжаўся да гэтае хаты і ягонаму позірку адкрываліся яўныя прыкметы закінутасці: гарбылі-аполкі на вокнах, што выходзілі ў вузенькі кветнічак каля вуліцы, бакавое акно з кухні чарнелася спрэс выбітымі шыбамі, веснічак тут, як і раней, не было і звання, і некалі ўтульны брукаваны дворык з вузенькімі канаўкамі для сцёку вады густа зарастаў муравой і быльнягом. Дом быў даўно апусцелы і, мяркуючы па ўсім, ціха паміраў на скасабочаным дзіравым падмурку. Можа быць, адзін толькі сад пры ім мала змяніўся за чатыры дзесяткі гадоў, хаця і прыкметна дзічэў у недаглядзе, а старога сукаватага клёна перад уваходам у кухню зусім не было, як не было і альтанкі-паветкі ля вуліцы.