Читать «Кар"ер» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
Калі Агееў выбраўся з палаткі, ужо скрозь развіднела; дзесьці, за магутнай сцяной дрэў на могілках, узыходзіла нябачнае адгэтуль сонца; нетаптаная трава ля абрыву матава серабрылася ў расе; не надта тугая парусіна яго палаткі правісла, набрыняўшы роснай вільгаццю. Агееў зябка насунуў на плечы мяккую балонневую куртку, падумаў, ці варта рабіць гімнастыку, можа, лепей пагрэцца чаем — у тэрмасе, мабыць, яшчэ не зусім астыў. З пачатку лета ён кожны ранак стараўся рабіць свае шаснаццаць спартыўных тактаў, але потым, калі ўцягнуўся ў працу, амаль што закінуў гімнастыку, для мускулаў і суставаў хапала нагрузкі ў кар'еры. Спярша тыдзень ці два ўначы ўсё цела ламала ад тупой стомы, вельмі балелі рукі, але вось паступова прызвычаіўся да свае зямной работы, і боль знік. А галоўнае — перастаў звяртаць увагу на розныя там болі, разумеючы, што ў жыцці трэба ўмець не толькі песціць здароўе, але і трываць боль, асабліва такі — ад працы. Некалі давялося ператрываць больш — ад двух раненняў, адно з каторых ледзьве не скончылася для яго фіналам. Але ўсё ж, пэўна, ён быў моцнага складу, ды і малады арганізм тады быў здольны на цуд. Пэўна, цуд яго і вярнуў да жыцця.
Агееў наліў з тэрмаса пластмасавы кубак моцнага, цеплаватага чаю, выпіў, стоячы ля палаткі. Есці раніцой не хацелася, і раней як у дзевяць-дзесяць гадзін ён стараўся не снедаць, узяўшы сабе за правіла есці толькі тады, як згаладнее. Праўда, згаладнеўшы, нярэдка не знаходзіў чаго паесці: то не было хлеба, то скончылася сала, якім ён запасаўся на некалькі дзён у сельпоўскім магазіне. Сала ён любіў здаўна, яно выдатна ўтаймоўвала голад; шкада, у магазіне скончылася леташняе, з кменам, а свежае, ружаватае на тоўстым зрэзе, нейкае было без смаку, і ён наразаў яго для яечні. Яйкі купляў у адзінокай сівенькай бабулі ў дамку за могілкамі. Гэтая бабуля трохі расказвала яму пра ваеннае, а то і даваеннае мінулае пасёлка. Шкада, што падчас вайны яна жыла не тут, а праз два кіламетры, на станцыі. За апошнія гады пасёлак надта разросся і самкнуўся са станцыяй, а раней, ведаў Агееў, іх раздзяляла жытняе поле з дарогай, якая вяла паміж двух радоў таполяў на пераезд і паварочвала да невялічкага вакзальчыка з некалькімі прыстанцыйнымі будынкамі побач.
З рыдлёўкай у руках Агееў прайшоў па траве да кар'ера і стаў на абрыве. Якраз ззаду з-за дрэў выкочвалася яшчэ нізкае сонца. Яно разаслала па росным узгорку шырокі цень і высвеціла верхні ўскраек абрыву, яго супрацьлеглы выгін. Глыбокае правалле кар'ера ўсё ляжала ў стылым цяні, на яго перакапаным дне горбілася куча зямлі, месяц назад ссунутая туды бульдозерам. Гэты бульдозер Агееў ледзь выстараўся на паўдня ў Сельгастэхніцы, хаця той і мала памог яму, толькі знявечыў гэты пакінуты кар'ер, які за шмат год пачаў ужо зарастаць пустазеллем. Пасля Агееў добра развярнуў яго за лета рыдлёўкай, зрэшты, без асаблівага для сябе выніку. Але ўсё ж яго тайная думка, як апошняя надзея, тлела ў ім слабай іскрай, і ён спадзяваўся: а раптам! Бульдозер быў мала прыдатны для такога роду раскопак, за якую гадзіну ён перавярнуў гару зямлі — шырока ссунуў з аднаго боку ў другі, і Агееў проста не мог добра ўгледзець за ўсім, што мільгала пад яго бліскучым нажом. Цяпер ён спадзяваўся адно на рыдлёўку і кожны дзень чакаў, што вось-вось нарэшце з яе дапамогай адкрыецца тое галоўнае, што стала яго тайнай мэтай, галоўным сэнсам ягонага клопату.