Читать «Кар"ер» онлайн - страница 7
Васіль Быкаў
— Дзень добры…
— Добры дзень, — падняў з-пад капота нахмураны твар мужчына і ўставіўся ў яго.
— Мне Паддубскага, — сказаў Агееў, ледзьве ўтаймоўваючы нецярпенне.
— Ну, я Паддубскі, — разагнуўся мужчына з гаечным ключом у руках.
— Не, ведаеце… Мне каб старэйшага.
— Старэйшага? Бацьку, ці што? Дык бацька на рыбалцы. Выхадны ўсё ж, забарону толькі знялі. Я во тожа сабраўся, ды гэта халера закапрызнічала.
— А бацьку колькі гадоў? — запытаўся Агееў, зноў насцярожваючыся. Успамінанне пра рыбалку неяк кепска вязалася з ягоным уяўленнем аб узросце бацькі.
— Гадоў? Гм… Пяцьдзесят пяць быццам.
— Да-а…
— А што, мала? Дык у нас тут ёсць і старэй. Дзед! — клікнуў Паддубскі, павярнуўшыся, але ў двары нікога больш не было. — Дзе ж ён, толькі тут быў…
Мужчына прайшоў за вугал дома, дзе пачыналіся радкі маладых яблынек са свежапабеленымі камлямі, між якіх ляжалі праполатыя, палітыя зранку грады.
— Дзед, табе колькі гадоў?
Адказу адтуль не было чуваць, і Агееў таксама прайшоў за вугал. З тыльнага боку дома пад бухматым кустом бэзу сядзеў нямоглы стары ў стаптаных валёнках на тонкіх нагах. Засяроджана ўставіўшыся перад сабой, ён, падобна было, цалкам аддаўся свайму роздуму і ніяк не азваўся на скіраваныя да яго словы.
— Добры дзень.
Дзед зноў не адказаў, толькі зірнуў на Агеева пільным праніклівым позіркам светлых вачэй, якія ледзьве паблісквалі сярод густога сівога шчаціння. На момант у ім прамільгнуў і прапаў пробліск здзіўлення або цікавасці да захожага чалавека.
— Во хачу запытацца, — бадзёра пачаў Агееў. — Вы даўно тут жывяцё?
— Ды ён тут усё жыццё. Тут і радзіўся, — ахвотна растлумачыў мужчына ў трыко.
— Можа, памятаеце, тут, на Зялёнай, Бараноўская жыла?
— Была Зялёная, — падказаў ззаду мужчына. — Цяпер Касмічная.
— Перайменавалі?
— Каторы раз. Пасля вайны была Танкістаў, пасля Пекінская, Усё пераймяноўваюць.
Дзед на лаўцы неяк дзіўнавата загойдаўся наперад-назад, паварушыў звешанымі між калень жылістымі кісцямі рук.
— Бараноўская Варвара… Застрэлілі немцы.
— Застрэлілі? Во як…
— Застрэлілі. Той начальнік паліцыі. Помню, якраз на зімняга Міколу. Я яшчэ дровы вазіў…
Гэтая навіна не была вялікай нечаканасцю для Агеева, ён даўно ўжо прадчуваў менавіта такі канец для яго гаспадыні і цяпер са спозненым шкадаваннем падумаў: за што? Ці не за яго? Шчымлівы боль спакваля авалодаў ім, і ён пастаяў моўчкі, нібы чакаючы, што яшчэ скажа гэты ссівелы дзед. Але дзед маўчаў, можа, думаў, а можа, чакаў ад яго новых пытанняў.
— А яшчэ, можа, ведаеце, тут недзе на суседняй вуліцы жыў такі чалавек, жасцяншчык ці слесар, ён яшчэ ў вайну бляшаныя цёркі рабіў для зерня…
— Лукаш?
— Можа, і Лукаш, не памятаю. Дык у яго на кватэры настаўніца была, прыезджая, а з ёю сястра жыла…
Сказаўшы тое, Агееў адчуў, што наблізіўся да самае важнае мяжы, да якой ішоў столькі часу, і зараз, напэўна, пачуе прысуд, што панішчыць яго або ашчаслівіць. Трэба было сабраць сілы, каб спакойна стрываць яго, які б ён ні быў.