Читать «Кар"ер» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
Не заходзячы ў двор, Агееў пастаяў ля пустога кветнічка, азірнуўся на вуліцу, пазнаючы і не пазнаючы яе малапрыкметныя драбніцы. На сваю бяду, ён забыўся, хто тут жыў у суседзях, памятаў толькі, што ў доме насупраць жыў дзядзька — маўклівы, не стары яшчэ мужчына; Бараноўская зрэдку звярталася да яго па якой дробнай патрэбе, ён нават даводзіўся ёй нейкай далёкай раднёй. Цяпер прыпомніўшы пра яго, Агееў перайшоў цераз вуліцу і піхнуў невысокія дашчаныя веснічкі, насупраць якіх з замызганай будкі ўзвіўся вяртлявы лахматы сабачка. І тут жа з прыбудовы-сянец выглянула тонкая маладая жанчына ў выцвілым стракатым сарафане.
— Дзень добры, — як мага прыязней сказаў Агееў, пазіраючы ў яе малады адчужана-насцярожаны тварык, і змоўк, не ведаючы, што сказаць далей. Вельмі не простая была ў яго размова, але жанчына не ўціхамірвала сабаку і не запрашала зайсці — чакала, што скажа захожы.
— Не скажаце, тут насупраць жыла Бараноўская…
Стоячы ў расчыненых дзвярах, жанчына цепнула загарэлымі плечукамі і нізкім, быццам заспаным, голасам гукнула ў хату:
— Віктар, выйдзі! Тут нейкую Бараноўскую пытаюцца.
— Хто пытаецца? — глуха данеслася з хаты.
— Ну выйдзі! Хто, хто…
З дзвярэй высунуўся малады чалавек у белай майцы з разагрэтым паяльнікам у руках, ад якога яшчэ струменіў у паветры смярдзючы дымок. Жанчына хуценька схавалася ў хаце, адкуль ужо чуўся нецярплівы дзіцячы плач.
— Хацеў запытацца, суседка ваша Бараноўская, што напроціў жыла, — перасмяглым ад хвалявання голасам пачаў Агееў. — Яна… Які яе лёс?
— Бараноўская? Якая Бараноўская? Тут раней Валюкі жылі, выехалі на цаліну.
— Валюкі… А вы… Прабачце, а вам колькі гадоў?
— Мне? Ну, дваццаць васем. А што?
— Ды так, нічога, — усё ўраз зразумеўшы, сказаў Агееў. — Выбачайце, я тут, ведаеце… наблытаў.
— Да? Ну, бывае…
Ён прыкрыў за сабой веснічкі і пабрыў па вуліцы, выразна сцяміўшы, што дваццацівасьмігадовы Віктар нарадзіўся ў канцы пяцідзесятых гадоў і, пэўна ж, яшчэ да яго нараджэння ў дамку Бараноўскай перамянілася не адна сям'я кватарантаў. Во калі б напаткаць якога старажыла, даваеннага жыхара гэтай вуліцы, мабыць, ужо ад яго можна б даведацца болей. Агееў азірнуўся — белая майка Віктара яшчэ віднелася ў двары, і ён зноў вярнуўся да веснічак.
— Прашу прабачэння, а тут, на вашай Зялёнай, ёсць які-небудзь стары? Што да вайны тут жыў?
— А хто яго ведае, — насупіўся Віктар і, раптам штосьці прыпомніўшы, трасянуў светлай валасатай галавой. — Супрунчук, можа…
— Ды што Супрунчук! — перапыніла яго жанчына, што з немаўлём на руках паявілася ў дзвярах. — Са свята не прасыхае твой Супрунчук. Лепш во Паддубскага спытайце, той павінен ведаць.
— А дзе гэта? — акрыяў надзеяй Агееў.
— Ды вунь трэці дом ад вугла. «Жыгуль» там сіні стаіць, — ахвотна растлумачыў Віктар.
Хуткім крокам Агееў прайшоў уздоўж па вуліцы і сапраўды ў трэцім дамку ад рога пад шаляванай сцяной убачыў сіні «жыгуль» з насцеж расчыненымі дзверцамі і паднятым капотам. Каля яго калупаўся не стары яшчэ мужчына ў сінім спартыўным трыко.