Читать «Кар"ер» онлайн - страница 4
Васіль Быкаў
Уздоўж па абрыве трэба было спусціцца ўніз, да дарогі, дзе быў уваход у кар'ер і чакала яго пакінутая ўчора работа — падкапаны, але яшчэ грувасткі бугор зямлі ўперамешку з будаўнічым смеццем, які трэба было перакідаць рудлёўкай пад высокі, абрывісты бераг кар'ера. Але ў кар'еры па-ранейшаму ляжаў ранішні цень, ад якога патыхала назапашанай за ноч стынню, і Агееў зябка перасмыкнуў плячыма. Ён стаяў на тым самым абрыве, дзе сорак гадоў назад, ледзь стрымліваючы дрыжыкі ў скрываўленым целе, развітваўся з жыццём, у роспачы і адчаі ад д'ябальскай несправядлівасці гэтай заўчаснай пагібелі, напаўраспрануты і, добра памятаў, — босы. Боты з яго знялі перад расстрэлам, і ён амаль не адчуваў — ступні да костачак адубянелі ў сцюдзёнай, узятай першым марозікам гразі, на якую з перадсвітальнай цемры паволі сыпаўся снег…
Агееў пачаў капаць і адкідваць пад абрыў мяккую, разрыхленую бульдозерам зямлю з розным гаспадарчым хламам у ёй: трухлявымі абломкамі дошак, рэштай закуранай цаглянай кладкі, ссыпанай у кар'ер, напэўна, пасля рамонту печаў. Але пераважна яго рыдлёўка са скрыгатам уразалася ў сухі шчэбень з пяском і гравіем. Хаця пяску тут было няшмат, пэўна, местачкоўцы выбралі яго яшчэ ў даваенныя гады для нейкага будаўніцтва, а болей на гаспадарчыя патрэбы — рамонт падмуркаў, печаў, тынкоўку сцен. У той страшны год, калі лёс упершыню прывёў Агеева ў гэта мястэчка, ён не выбіраўся з яго далей могілак і ўпершыню трапіў у кар'ер толькі праклятым тым ранкам, які ледзь не стаў для яго апошнім.
Але во праз сорак гадоў, аўдавеўшы і стаўшы пенсіянерам, Агееў у цёплы сонечны дзень на пачатку лета прыехаў сюды. Спярша ён нават спалохаўся, амаль не пазнаўшы мястэчка, якое так разраслося за гэтыя гады і стала гарадскім пасёлкам. Прынамсі, цэнтр яго зусім страціў свой колішні выгляд — былая кірмашовая плошча расшырылася да самай царкоўнай агароджы, з другога боку яе вырас трохпавярховы будынак райкома, трошкі далей, у пачатку вуліцы, высіўся сілікатны гмах універмага, і побач прыткнуўся невялікі скверык — радок чэзлых дрэўцаў, яшчэ прывязаных да калкоў-падпорак, з нешырокай дарожкай, аблямаванай пастаўленымі на ражок цаглінамі. Кароткая гэтая дарожка вяла да помніка — бетоннага абеліска ў металічнай агароджы, з шырокай мармуровай плітой на пакатым баку. Маленькія дзверы ў агароджы былі не зачынены, мабыць, туды можна было ўвайсці, на вузкай бетоннай прыступцы ляжала некалькі абвялых гваздзікоў у разматляным ад ветру цэлафане. Але кветак у Агеева не было, ісці ў загародку не мела сэнсу. І ён учапіўся рукамі ў вострыя вяршкі агароджы і замітусіўся вачмі па цесненькіх слупках прозвішчаў. Ён ужо ведаў пра гэты абеліск у пасёлку, яму расказвалі людзі, якія прыязджалі сюды, неяк гадоў дзесяць таму ён пісаў у райком і атрымаў адказ, што падпольшчыкі таксама пахаваны тут. Цяпер ён хутка знайшоў іхнія прозвішчы, неглыбока высечаныя на камені ў самым канцы гэтага жалобнага спіса. У адрозненне ад іншых яны былі без воінскіх званняў, якіх, пэўна ж, не мелі, апроч хіба Малаковіча, што быў лейтэнантам. Але пра тое тут маглі і не ведаць.