Читать «Кар"ер» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Пэўна, трэба было ўставаць, брацца за справу. Але да таго, як пачаць выбірацца са спальніка, Агееў паспрабаваў вызначыць чысло і не адразу, з намаганнем сцяміў, што сёння першае або нават другое жніўня. Дні тыдня ён памятаў добра, звыкла адчуваючы сутачную хаду часу, а чыслы… У гэтай справе звычайна памагалі газеты, але апошнія некалькі дзён, заняты работай у кар'еры, па газеты ён не хадзіў, транзістара не меў і вось зблытаў чыслы. «Маразм, маразм», — пабедаваў ён у думках. Не так каб яўны маразм, але памяць ужо не тая, што была ў маладыя гады, памяць часам здраджвала яму ў самыя нечаканыя моманты, і нярэдка трэба было намаганне, каб прыпомніць тое, што здавалася, немагчыма забыць. Асабліва імёны, назвы і чыслы. Нядаўна ён заўважыў, што не памятае імя камандзіра ўзвода, з якім яны выходзілі з акружэння ў сорак першым і так пасябравалі, што, здавалася, толькі смерць магла іх разлучыць. Смерць і разлучыла, але не тады, трохі пазней, і пры абставінах, якіх не дай бог нікому. І вось імя гэтага лейтэнанта выветрылася з памяці, засталося толькі прозвішча. І то добра.
Тым часам развіднела, у палатцы стала святлей. Ён убачыў у нагах скамечаную балонневую куртку; вопратку пад бакавой сцяной — яго запылены сіні фізкультурны гарнітур, майку; вялікі індыйскі тэрмас на белым раменьчыку, які ён звычайна ставіў ля сябе нанач; запыленыя кеды ля выхада. Уся яго астатняя маёмасць была на вуліцы, каля вогнішча і палаткі. Калісьці, пачаўшы свае тут раскопкі, ён усё збіраў нанач у гэтую цесную палатку, у якой і самому было недзе павярнуцца. Аднак неўзабаве пераканаўся, што пакінутае на двары нікому тут не патрэбна, ніхто не чапае нічога, і перастаў прыбіраць. Да яго тут мала хто прыходзіў, хіба што выпадковы прахожы з поля ды яшчэ Шурка з Артурам — два хлапчукі-аднагодкі, на выгляд спакойныя і маўклівыя, нібы насцярожаныя чымсьці. Яны рэдка аб чым пыталіся ў яго, звычайна сядалі на зямлю каля агароджы ля могілак і моўчкі назіралі здалёку за яго няхітрымі ранішнімі ці вечаровымі клопатамі ля вогнішча. Вогнішча, вядома, іх вабіла, але во тыдзень таму Агееў купіў у пасялковым хазмагу сухога гаручага, вельмі, дарэчы, зручнага ў яго невялікіх гаспадарскіх патрэбах: сасмажыць яечню, разагрэць гуляш або згатаваць чай. Рэшту гарачай вады ён звычайна выліваў у тэрмас і наступны раз абыходзіўся зусім без агню. Калі-нікалі, у выхадныя або святочныя дні да кар'ера прыходзіў Сямён, высокі худы мужчына з адзінаю рукой-клюшнёй, якой ён няспынна даваў занятак: то скручваў цыгарку, то калупаў палкай у пяску, то проста размахваў ёю ў паветры, калі штосьці расказваў. Звычайна ён быў добра пад мухай, па крайняй меры, так часта здавалася, і амаль ні пра што не пытаўся, гаварыў і гаварыў пра сваё, што яго непакоіла ці што ўспаміналася. Непакоілі ж яго непарадкі ў свеце, а ўспаміналася вайна, на якой ён, мяркуючы па ўсім, хапіў ліха. Спярша Агееў слухаў яго з недаверам, штосьці ў ім пратэставала супраць блытанай Сямёнавай гаворкі, але памалу ён зразумеў, што ўсё так і ёсць, як кажа Сямён. Прынамсі, так было. Сямён не хлусіў нават трошкі, здаецца, ён не меў патрэбнага для таго ўяўлення, цалкам аддаючыся ўспамінам. Памяць жа ў яго была — дай бог кожнаму.