Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 8

Раіса Баравікова

Мне стала млосна. Розум адмаўляўся што-небудзь разумець.

— Нам ужо трэба вяртацца на карабель. Там, напэўна, хвалююцца нашы, — сказаў я доктару Савічу. — Развітвайся з гуманоідамі і пойдзем адсюль.

Але перш чым развітацца, доктар прыняў падарунак ад жыхароў гэтай нязвыкла зялёнай планеты. Яны завязалі яму на шыю гальштук, такі ж самы, што насілі самі, — чорны гальштук-бабачку.

З гэтага моманту і пачалася трагедыя доктара Савіча. Гэтак я назваў для сябе ўсе далейшыя падзеі. А разгортвалася ўсе наступным чынам.

Зялёную планету мы пакінулі хутка. Можна сказаць, пасля вяртання на карабель неўзабаве і стартавалі. Прыйшоў загад з Зямлі тэрмінова вяртацца. Вось тут доктар Савіч і павёў сябе выключна невытлумачальна. Маўляў, які можа быць загад з Зямлі, якое вяртанне, калі мы можам ляцець да сузор'я Дзевы, дзе на адной з планет, трошкі ўбок ад саман яркай зоркі гэтага сузор'я — Спікі, жывуць браты па розуме, бо тая планета нішто іншае, як копія нашай Зямлі. А потым наш шлях можа пралегчы да сузор'я Шаляў. І там на адной з планет у сістэме тых зорак, якія складаюць сузор'е, ужо даўно вынайшлі машыну часу, якую, калі хто-небудзь з нас пажадае, можа выпрабаваць.

Спачатку да ўсіх гэтых разважанняў доктара мы ставіліся несур'ёзна, чаго не здараецца ад эмацыянальных перагрузак! Але ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна. Спрабаваў прарвацца ў адсек кіравання палётам, каб змяніць курс. І тады мы задумаліся, што ж адбываецца з нашым доктарам? Адказ напрошваўся сам сабою: у доктара ўсе прыкметы лёгкага псіхічнага расстройства, якое з'явілася пасля таго, як ён пачаў насіць на шыі падораны яму гальштук-бабачку. Як толькі мы прыйшлі да такой высновы, адразу ж прапанавалі доктару зняць яго. Гэтая наша прапанова рассмяшыла доктара.

— Ды вам усім і не снілася, што гэты гальштук уяўляе сабою, — сказаў ён. — Гэта — Праграма, завезеная на Зялёную планету прадстаўнікамі адной з самых высакаразвітых сусветных цывілізацый. Усё выключна проста. Таму, хто носіць гэты гальштук, спачатку выдаецца міраж, мара жыцця. Адсюль і тыя дзівосныя гарады, навуковыя цэнтры, зоны адпачынку, якія бачылі наўкол сябе жыхары Зялёнай планеты. Ты ж чуў батанік. Я табе перакладаў, — звярнуўся ён да мяне і працягваў: — Але ўсялякую мару трэба ўвасобіць у жыццё, зрабіць явай. І гэта прадугледжана Праграмай. Яна выдае ўстаноўкі, падрабязнае тлумачэнне, як і што трэба рабіць, каб гэтую мару здзейсніць. Ну, скажам, нехта хоча стаць вялікім кампазітарам і яму даецца магчымасць уявіць сябе ім. А потым пачынаецца шлях да гэтай вяршыні, па якім і вядзе Праграма.