Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 26
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Багуся. Бі, пакуль не ачомаўся
Кунцэвіч. Гэта нічога. Даруй мне, люд. Нічога, Вольха. Ад тваёй рукі мне лёгка. Бі. У рукі твае, пане, аддаю дух мой.
Матыс. Гэ... ды ён яшчэ... жыццё падае. Не мучайся, божая душа.
Галасы. – Руку яму адсячыце, што хлусліва знаменіе ўздымала.
– Бачыш? Прывязалі, цягнуць.
– Сабаку ягонага забілі, кінулі на труп.
– Сабака на сабаку едзе!
– Цягнуць на адхон!
– Разгайдалі яго, сволач, кінулі з урвішча!
– Плыві, душахват!
– Не, рыбакі вылавілі.
– Камянёў яму за вопратку.
– Хло-опцы, вязіце яго тапіць пад Пескавацік! Там найглыбей!
Вольха. Хадзем, Багуся. Хадзем адсюль. Нібы расціснуты я. Ніколі не думаў, што так... нясцерпна.
Багуся. Ясна, што нам нясцерпна. Гэта ім усё сцерпна, а нам...
Ропат. Ну вось. Хадзем. Цяпер толькі біцца – і ў бойцы загінуць. I забыць.
Пасіёра. А мне... Мне што рабіць? Божа-божа, як не пашанцавала.
Вольха. Ты зараз не воін. Сваё зрабіў. А астатняе пакінь нам. I вось што... вазьмі яе з сабою.
Пасіёра. Гэтую язву?
Зуліся. Сцяпанка! Сцяпанка! Набі мяне.
Пасіёра. За што?
Зуліся
Ропат. Ну вось. Ім жыці. А мы?..
Заслона
Дзея трэцяя
Карціна шостая
Голас. Так, сказала сваё слова Справядлівасць. I хай пасля, насупер ляманту ісціны і чалавецтва, Кунцэвіч быў названы блажэнным (beatus), а потым і святым (sanktus), народ і гісторыя пакаралі ўсіх ісцінай. I пасля гэтага ўжо нічога не маглі змяніць ні іконы, ні дым міры, ні славаслоўі велічы і мудрасці, ні люты, ваўчыны, бязлітасны, крыважэрны, няшчадны, дзікі пякельны разгром Віцебска, ні злавесны і крывавы лёс сыноў горада. Чалавек быў забіты. Таму, што ён не думаў, ці можна плаціць за парадак бессаромным уціскам і расправай з іншаверцамі. А калі падумаў – было позна. I ён заплаціў за гэта цаной свайго “я”, сваім жыццём.
Толькі праз некалькі дзён забітага выцягнулі з Дзвіны, ля Пескаваціка, і накіравалі ў Полацк. Толькі некалькі дзён здолеў пратрымацца горад.
А пасля прыйшлі палкі каралеўскай пяхоты і кавалерыі. На дзевяты дзень усё было скончана.
15 студзеня суддзі прыехалі ў Віцебск. 17 пачаўся суд, 21 – вынесены “хуткі і літасцівы” прысуд. Сто чалавек было асуджана на кару смерцю, але яны, пераважна, паспелі скрыцца.
Тры дні. Суддзі, людзі, самой эпохай прывучаныя да гнюснасцей, спяшаліся, баяліся казакаў, якія, падманутыя хлуслівымі ганцамі, так і не прыйшлі на дапамогу гораду. Дзе там было разбірацца? Выслухалі толькі абвінавачанне супраць цэлага горада. I справа звялася да пакарання горада. Каб забіць самы дух ягоны. I кара пала на ўвесь горад. На шматпакутныя Віцебскія званы.