Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 24
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Багуся. Ды стрымайся! Кажы, кажы!
Еўга. Пагром... А пасля ўстаў на ногі – Адпор. Абрыдла ўдаваць першых хрысціян... Адзін аднаго былі не лепшыя. Звяры!.. Горад у некаторых вулках палаў. I тады яны – твар, як палатно: “Бяжым, Еўга, бяжым ад змея”. I пабеглі. Як перапёлкі ў жыце. Ад горада, радзімы, хаты. Т о й прыйшоў – попел. I косткі. А гэта суседкі. Схаваліся. I ён падумаў – гэта праваслаўныя, ведаючы, ч ы я кроў, нас спалілі. I з таго й пачалося.
Багуся. “Іні адзін не пусціўся ўспяць”?
Еўга. Так. I мяне выслалі следам. I беглі мы. I тут яна пачала паміраць. Ад любові і ад жаху да ЗМЕЯ. I тут знайшоўся чалавек, які вырашыў узяць на сябе яе, змеева, дзіця. Стаў на калені дый кажа: “Павінна быці дзіця, хаця і ў змея. То я на сябе гэты грэх вазьму”. I Кася памерла. А дзіця тут. I я над ім часам апекавалася, пакуль не ўбачыла зноў, тут, Палікара і бог, з літасці сваёй, розуму ў мяне не адабраў. Бо гэта яны ўжо т у т... А бацька названы, святы чалавек, памёр. А змей з нянавісці пайшоў у манахі, а там – у іераманахі вуніі. А там... I вось наздагнаў нас тут. Мёртвую матку, вар’ятку павітуху і жывое дзіця.
Багуся. Імя... Імя айчыма... В-вольха?
Еўга. Адкуль? Імя айчыма – Ропат.
Вальгіна. Бабы! Чуйце! Клічце іх.
Багуся. I чаго дзяруцца, п’янічкі?!
Зуліся.
У Ізахвата – ку-ку, Зарэзалі суку, Павесілі на браме, Расцягалі зубамі. З’яўляецца ў браме Іасафат Кунцэвіч. Зараз гэта руіна, хай сабе і магутная, былога волата.
Кунцэвіч. Усё распавяла?
Еўга. Усё.
Кунцэвіч. Ачомалася, значыць... Што ж, раней можна было цябе літаваць. Хто зразумеў бы, не ведаючы? Цяпер – канец адзін. Хай памру. Хлопчык усё ж будзе вялікім панам над гэтым быдлам. Гэй, варта...
Але яшчэ раней за варту і Палікара з Дарафеем вырвалася з дзвярэй кухаварні мамка.
Мамка. Ав-вой, мае галубочкі! Ав-вой, што робіцца, скрыдлатачкі мае! Гаспіды гэтыя папа Ілю, каб ім давеку скрогат зубоўны! Крывішча па ўсёй кухаварні хвастала. На сцены, каб ім яго ніколі не абараніць, на печку, каб яго там сто год пяклі ды не дапяклі, на катлы, каб яго там д’яблы на лой варылі – сатане боты мазаць.
Палікар. Браць ведзьму!
У гэты момант першы, магутны ўдар скалыхнуў паветра. Другі, трэці. Яшчэ і яшчэ. Запалалі агні, узвілося за прачысценскай царквой магутнае полымя. Раве, здаецца, увесь свет.
Кунцэвіч. Што гэта такое?
Багуся. Гэта набат. Віцебскі набат.
Еўга. Гавораць Віцебскія званы.
За частаколам паасобныя крыкі: “Папа Ілю ўзялі”, “Трупы людзей з магілаў павыкідалі”, “На сметнік”, “Сабакі па сметніках людзей за валасы цягаюць”, “Біць”, “Забіць!”, “Смерць Ізахвату!” Крыкі зліваюцца ў агульны, дзікі рык ярасці.
Багуся. Вось. Вось і яно прыйшло, ты...
Па двары кідаюцца служкі, мітусяцца Палікар з Дарафеем, мільгае зрэдку цень езуіта.
Езуіт (з мура). Божа мой! Людзі непабожныя! Свавольства паспалітае з пасадаў! Шляхта са шляхецкіх гаспод!
Мамка. Дзіва што! Тых шляхецкіх слобад большая палова места. Круціся, круціся на сваёй патэльні, уюн. Сам агонь расклаў.