Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 78

К Акула

- Ну я-ж яму пакажу, я-ж яму вушы абарву! - усхадзiлася жанчына. - А казаў-жа, што нiма. Ды яшчо самагонку прадаець, каб абразы бiў гэты...

Яна спынiла кленiчы, каб лiшняга не сказаць, разглядалася навокал, быццам спагады шукаючы. Раптам крутнулася й выходзячы моцна стукнула дзьвярмi.

- От-жа й баба, - цiха сказаў Антось. - I ўдаець нiбыта нi знаiць, што Тодар самагонку гонiць i прадаець. Сука! Як гэта ей ня стыдна!

- Дзе ў яе той стыд, - спасьцярог Алесь. - Глядзi, унь ўжо пэўня ў Пiлiпiхi пра гэта ўсё барабанiць. Скора цэлая вёска знаць будзiць. I якi чорт яе сюды прыгнаў?

- А нiхай усе знаюць. Чаго хаваць? - сказаў Антось. - Дай во гэтай нечысьцi дарогу...

- Эх, Антось, ты Антось, - пачаў Алесь, - здаецца й вялiкi й разумны ты, а як малы гаворыш. Ну нiхай цэлая вёска знаiць, нiхай i дзесяць вёсак знаiць, дык што iм, басякам, дарогу хто загародзiць? Ня вiдзiш, што робiцца? Басота да карыта дабралася. Iх права, iх сiла, робяць што хочуць, от як...

- Праўду ты, Алесь, кажаш, - памаўчаўшы адказаў Антось, - басота сiлу цяперака маiць. Дзяржыцiся, людзi добрыя!

Мужчыны прыселi ля стала й пачалi пытацца гаспадара пра гэну дзiўную вiзыту. Янук доўга стаяў, пазiраў на старэйшых. Да вушэй даляталi беразборлiвыя гукi. У вачох стаяла постаць дрыжачага, прыбiтага, некалi ўстойлiвага бацькi.

Пачалi дрыжэць вусны, нешта моцна цiснула сьлёзы з вачэй. Ня памятаў калi выбег з хаты, мiнуў гумно. Азiрнуўся за Тапсiкам i моцна забалела ў грудзёх. Ужо прытулiўшыся да магутных плячэй Архiпа, даў волю сьлёзам. Лёгкiя дрыжыкi юнацкiх плячэй сунiмалiся на стыку з камлём Архiпа. Запаволiлiся сьлёзы й моцна, да болю сьцiснулiся кулакi.

Як праз туман, нейкая дзiўная, у гэтым сьвятле нiколi раней нябачаная, распрасьцерлася ў начоўках вёска Лiтоўцы. Новая вёска, з новым затоеным дыханьнем, няпэўым поступам у таямнiчае заўтра.

19

Барабаншчына па падрыхтоўцы да выбараў "дзiпутатаў у народны сход", што меўся ў Беластоку адбыцца, трымала ў бесьперапынным млiве языкi партыйных палiтрукоў на працягу даўгiх васеньнiх вечароў.

- Самi дадiте кандiдатов, самi i iзберать будете, - пялiўся Маршалкаў у суправодзе Косьцiка, Лявона й Пятуха.

- Онi, значiтся этi вашi лучшiе сыновья i дочерi, отождествлят ваше многолетнее стремленiе к прiсоедiненiю к родiне нашей, могушчественному Советскому Союзу... Вы воплотiтесь в одно тело с нашей родiной i станет ваша мать родная на зашчiте вашiх iнтересов, а тогда...

Ад "тогда" пачыналася пералiчваньне "благаў", што вось гэтта за парогам чакалi. Варта адно дзьверы адчынiць, як тыя "блага" у хату хлынуць. Пiпку пакурваць i ў столь пляваць будзеце, а "айцец народаў" лепш чымся сам Архангел Стораж вас забясьпечыць.

Маршалкавы вочы мутнелi, твар пакрываўся аўрэоляй сьвятасьцi, калi згадваў як цяжка было раней i якi рай павiнен настаць. Жанчыны пускалi сьлёзы, у куты хусьцiнак чмыхалi. Неяк аднойчы падачас пералiчваньня тых "благаў", што скора ў Лiтоўцы быццам мелiся прычыкiльгаць, ня вытрымаў Антось Дзяркач.