Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 80

К Акула

- Здароў, Лявон! - прывiтаўся голасна.

- Здароў, Уладзiмер! - даказаў кандыдат.

- Алi-ж i здорава вас, начальнiкаў, сягоньнiка ночы дождж адпсяюрыў. Ну паглядзi во, ха-ха-ха! - разрагатаўся Пятух. Быў гэта крэпкi, вясёлы з твару, рухавы мужчына. - Сталiну дык добра-ткi нюню скрывiў, а вы, жабоцькi. дык саўсiм па сьцяне распаўзьлiся. Ха-ха-ха!

Лявон ня ведаў, што сказаць. Брала злосьць за гэны гулкi сьмех на Ўладзiмера, а найбольш дык хiба-ж на самога Бога. Чаму ён з дажджом не пачакаў?

Зьверху на сьцяне ледзь лiпеў скрыўлены пасiнелы Джугашвiлi, а зьнiзу пад лёзунгам - як той Уладзiмер казаў - распаўзьлiся жабоцькi. Партрэты кандыдатаў сталiся непазнавальнымi. Лявон падыйшоў да сьцяны, згроб рэшткi "кандыдатаў" i выкiнуў за плот.

- Цьфу, такую тваю маць! Якраз як i тады, каля школы нейкi брыда, Дзiркач мусiць напэцкаў. А цяперака дык сам бацька нябесны, такую яго... Нiяк нi вязець!

- Сталiна таксама ськiнiш? - пытаўся Ўладзiмер.

- Мусiць не, - вагаўся Лявон. - Папраўдзе сказаўшы, дык чорт яго знаiць... бiзь яго-ж нiма як...

- Га-га-га! - паехаў рогатам Уладзiмер, - маладзец зь цябе камунiст, з гэткiмi Сталiн далёка заедзiць. Чорт яго знаiць, кажыць, бiзь яго нiма як... га-га-га!

Лявон то чырванеў, то бялеў. Азiрнуўся навокал ды ўсьцешыўся, што адно Пятуховы вушы сказанае чулi. Трэба сабе на лбе запiсаць, што язык на прывязi трымаць. Вось каб дзе так пры людзёх сказаў...

- Пасiнелы партрэт "бацькi народаў" Лявон пакiнуў на сьцяне. Каму трэба той, той разьбярэцца ў чым справа.

Прыехалi дзьве грузавыя машыны зь Лiпавiчаў. Вылезла шэсьць "байцоў" i сам Маршалкаў. Ён прывiтаўся кароткiм "здрасьця". - Всё готово? - спытаў.

- Да, таварыш камiсар.

- Давай аднаго цi двух чалавек, - сказаў Маршалкаў Лявону, - няхай паедуць па тых, што самi прыйсьцi ня могуць.

Прыйшла Пiлiпава Аксеня з сынам. Лявон папрасаiў яе ў "балацiравачную камiсiю". Жанчына не магла разгадаць новага слова, што на Лявонавых вуснах нарадзiлася. Цi была гэтта што ад балота? I пры чым тут балота? Такой кемлiвай i ганарлiвай, ёй-жа пытацца сорамна было.

- А што-ж я, Лёнька, у тэй блацiровачнай камiсii рабiць буду?

- Га? Ды што-ж... сядзець i балоты лiчыць будзiш, во... Дасi, значыцца, чалавеку, каторы прыдзiць, балот, каб ён яго ў скрынку ўкiнуў. А каторы ня кiнiць, дык значыцца пойдзiць за той стол завешаны дываном, ён тады нi галасуiць за сваiх лепшых сыноў камунiстаў i бiспарцiйных, дык такога мы на вока возьмiм. От...

"Балоты" цяпер сталiся яшчэ большай загадкай, але спанатрыла Аксеня, што не ад Лявона ёй нейкага клёку дабiцца. Пабачыўшы Маршалкава, павесялела жанчына. Не атрымалi-ж яшчэ ад "бацькi народаў" адказу наконт падаркаў. Аксенiны сяброўкi ей галаву ўжо прадзяўблi. I карцiла-ж шаўцовай жонцы хутчэй стацца тэй жанчынай, "прымеру каторай пасьледуюць жэншчыны ўсей рэспублiкi".