Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 79

К Акула

- Гэты куды гладзей за дубовiцкага абуха брэшыць.

Сыкнулi збоку на Антося жанчыны. Дзяцюк агледзеўся й пашкадаваў, што так неасьцярожна выказаўся. Многа хто ледзь рогат стрымаў.

Калi-ж Маршалкаў гаварыў пра "лучшiх сыновей i дочерей" дык ня цямiлi людзi пра каго была мова.

- У вас замечательныя людi есть, коммунiсты й беспартiйные, - паясьняў савецкi камiсар.

Цэлы цымус - i пра гэта неўзабаве лiтоўскiя даведалiся - палягаў у тым, што пануючая камунiстычная партыя й народ рознымi меркамi "замечательных людей" бралi. Дык немалое было зьдзiўленьне, калi на адны, перадвыбарным вечары Сымон Пятух на гэны "народны сход" кандыдатамi Косьцiка й Лявона паставiў. Многа каторыя на залi вушам сваiм ня верылi ды нiхто супярэчыць не асьмелiўся. Трэба-ж было ўсяго двух кандыдатаў i вось сам каравы Сымон, пэўне-ж па загаду зьверху, "лучшiх сыновей" высунуў. Зiрнулi людзi на Пракопа Бахмача, што ў куце маўклiва побач Алеся сядзеў. Пра тое як Косьцiк зь Лявонам яму абраз пабiлi й пабандыцку напаiць намагалiся, вестка шырака па людзях пайшла.

Напярэдаднi выбараў Лявон Шпунт пры помачы Аксенi, ейнага Арсеня, малодшага Пятуха й пад наглядама самога "упылнамочанага сельсавету", а цяпер кандыдата Косьцiка Сабакевiча, "выбарчы ўчастак" падрыхтаваць узяўся. Як доўга жылi-былi Лiтоўцы, нiчога падобнага людзi ня бачылi. Цi-ж жарцiкi, сама, казаў той, гiсторыя ў вёску прывандравала. Мужыцкi разьняволены народ сваiх "лучшiх сыновей" у "народны сход" выбiраць будзе. Гэткiм тонам, ужо добра падвыпiўшы, гаманiў рыжавусаму Захаруку Косьцiк Сабакевiч. Аж рос на вачох адзiн з тых "сынавей", калi на пярэдняй сьцяне Пятуховай хаты зьявiўся ўжо зусiм добра ведамы ледзянавокi твар, а пад iм вялiкiмi лiтарамi лёзунг: "Спасiбо товарiшчу Сталiну за Осцобожденiе". Гэтта-ж зьнiзу, меншыя за той верхнi, прылiплi да сьцяны партрэты Лявона й Косьцiка.

- Да, гэта гiстарычэская ўрэмя... сам народ сваiх будзiць iзьбiраць... Гiстрычэская ўрэ...

Косьцiк перастаў даводзiць Захаруку пра важнасьць падзеi й сачыў як Лявон жардзiну намагаўся паставiць.

- Даёш, паможам!

У выкапаную раней малодшым Пятухом яму ля весьнiц паставiлi вертыкальна спорную бярозавую жардзiну, увышкi так мэтраў зь пятнаццаць. На версе яе чырвоны сьцяг з залатым серпам i молатам распасьцёрся на на лёгкiм ветры.

- От, да й здраствуiць!

Лявон горда зiрнуў на сьцяг, пасьля на сьцяну, дзе ягоны партрэт унiзе прылiп да "атца народаў".

- Цяпер свой свабодны народ i свая ўласьць!

Шпунт рабiў такi выгляд, быццам адно яго намаганьнямi "свая ўласьць" у вёску прыйшла. Нiхто, вядома-ж, ня зьбiраўся яму пярэчыць. Як-нiяк, важнасьць Лявона й Косьцiка вырасла ў сялянскiх вачох.

Ноччу сьцебануў спорны дождж i надта-ж доўга гiстарычная ранiца не асьмельвалася заглянуць поўным сьвятлом у вокны лiтоўскiх хат. Зяблы ветрык разганяў па начоўках дымы з рана закурыўшых комiнаў. Выпялiлася ўрэшце з-за балота млявае сонца. Падгнiлай атавай i прэлым лiсьцем з аселiц цягнула.

Першым на "выбарчы ўчастак" зьявiўся Лявон Шпунт. Кагадзе загадала яму "камунiсьцiчаская парцiя" каб ён, як кандыдат, не перашкаджаў працэсу галасаваньня, адно за парадкам сачыў. Кiнуўшы вокам на гэты агульны парадак на зябкiм Пятуховым дварэ, зморшчыўся Лявон. Цяўкнуў ля будкi сабака й скрыпнулi ў хаце дзьверы. Уладзiмер, малодшы Сымонаў брат, ступiў на вялiзны камень ля дзьвярэй.