Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 76

К Акула

- Сьвятая Апрасiньня Полацкая, Дарагая i Справядлiвая, заступiся i памiлуй! - дрыжэў, насычаны жальбой Пракопаў голас.

Нешта ненатуральнае было ў гэных трох, застылых пры стале фiгурах: сонцам асьветлены, спацелы Пракопаў твар, вочы сьлязьмi наплыўшыя, дрыжачыя вусны, дурнаватая Лявонава фiзiяномiя й дыхаючы агнём ненавiсьцi, во-во гатовы рынуцца на чалавека Сабакевiч.

Спынiў дыцханьне Янук. Зараз iскра ўспыхне.

- Я табе, iцi тваю маць, пакажу тваю Прасiньню! - выбухнуў Сабакевiч. Маланкавым рухам схапiў напоўненую Пракопаву шклянку й ёмка пусьцiў у кут. Гучна пасыпалася з рамак шкло й самагонка пырснула навокал. Ён трапiў у цэнтр абраза Прадславы.

- Во табе, твая Прасiньня, iдзiёт ты! - раўнуў п'яны Сабакевiч. - Ты, стала быць, за таварышча Сталiна пiць ня хочаш! Я-ж цябе сiчас...

Ён замахнуўся, каб даць Пракопу аплявуху, але Лявон зручна схапiў яго за руку.

- Пiрастань, Кастусь, мерку знай!

Адчынiлiся дзьверы. Увайшоў Алесь, а за iм Антось Дзяркач. Перазь iхныя плечы пазiрала Кмiтава Аўдоля. Спынiлiся ля парогу.

- Што гэта такое тут робiцца? - спытаў Алесь.

Зрок ягоны спынiўся на камунiстах, пасьля на швагры, а найдаўжэй на пабiтым абразе напокуцi.

- Ээ-гэ! А хто-ж гэта ў нас такi ўдалы майстра, што так пекна абразы наўчыўся бiць?

Аблакацiўшыся на стол, Пракоп ашчаперыў з двух бакоў галаву, закрыў далонямi твар. Адно дрыжэлi яго худыя плечы. Лявон i Косьцiк цяпер расьселiся на лаве, задам да стала й моўчкi прыглядалiся прыбыўшым.

- А ягодка-ж мая! - ахнула Аўдоля, - абразы пабiў! А каторы-ж гэта?

- Часта мы спатыкаемся сягоньнiка, - усьмiхнуўся да двух камунiстаў Антось. - Гэта-ж, як той казаў, самi-ж пэўня нi так сабе ходзiце?

- А табе што? У тваю хату прыйшлi, цi цябе маем пытацца? - агрызнуўся Шпунт. - А табе, баба, што трэба? - гаркнуў ён да Аўдолi.

- Ну як табе сказаць? - паволi пачаў Антось, - Начальства, гэта самае, я думаў, надта й надта занятае, новае жыцьцё, казаў той, строiць... ну дык гэтта й прыйшло ў галаву, што пэўня-ж нi так сабе, бiзь якой-небудзь патрэбы от ходзiце... Алi-ж i трапiў, шэльма, у самую сярэдзiну абраза. Каторы гэта з вас такi варашылаўскi стралок?

- Надта-ж ты, Лявон, расхадзiўся, што й старых нi шануiш. Што я табе, сука якая? - прабiрала Шпунта Аўдоля.

Алесь зiрнуў на Янука, што памкнуўся нешта сказаць.

- Ты, Янучок, маўчы, - сказаў Алесь пляменьнiку. - Нiхай той зухаваты сам прызнаiцца. Гэта-ж i стралок зь яго мусiць нiсамавiты, цi-ж жарцiкi ў самую сярэдзiну папасьцi! Алi-ж гарэлачка-самагоначка мусiць тутака вiнаватая...

- Ты, Алесь, лепi прыкусi язык. I ты, Антось, - пагрозьлiва сказаў Сабакевiч, - ане, то...

- То што? - спытаў Антось.

- Пазнаiш што, - памог Косьцiку Лявон. - А ты, Аўдоля, лепi iшла-б дамоў, нi тваё тут дзела.

- Вы гэта што, пагражаiце? - спытаў Алесь.

- Як хочаш думай, - адказаў Косьцiк. - Нi табе мiшацца ў чужое, дзе начальства цяне ня просiць.

- Якое гэта чужое? - заступiўся за Алеся Антось. - Цi гэта нi швагра ягоны пры стале сядзiць? Цi гэта можа Пракоп вас у госьцi папрасiў, ды для вашай пацехi свой абраз пабiў?