Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 77

К Акула

- Ты, Антось, знаiш што, надта ня рыпайся! Я цябе яшчо вазьму ў вабарот за тое, што лозунг спэцкаў, - устаў з лавы Лявон.

- Ты гэта што, мяне за руку злавiў? - адсек Антось. - Знаiш, Шпунт, тую прыказку: нi страш бабу...

Зiрнуўшы на Аўдолю й Янука, Антось ня скончыў прыказкi.

- Ну мы яшчо паглядзiм! - пагражаў Лявон.

- Дык каторы з вас такi спэц, што так ёмка па абразе даў? - насядаў Антось.

- Пытайся ў iх, калi хочаш, - паказаў Косьцiк, устаючы, на Бахмачоў. I я вам пасаветаваў-бы болi iнцiрасавацца сваiмi дзiламi, а менi нашымi. Так здаравей будзiць для ўсiх. Давай пайдзем, Лявон.

Косьцiк накiраваўся да дзьвярэй.

- А я з табой яшчо буду гаварыць, - сказаў Лявон Антосю на адыходзе.

Камунiсты стукнулi дзьвярмi i ўжо зь сяней пачулiся моцныя маты. Антось i Алесь пэўны час ненаважана стаялi. Алесь наблiзiўся да Пракопа, палажыў яму руку на плячо.

- Пракопка, што гэтыя гiцлi гэтта нарабiлi?

Пракоп памалу працёр далонямi вочы, зьбянтэжана зiрнуў на швагру, пасьля на Аўдолю.

- Ат, - махнуў рукою, - можа лепi прамаўчаць...

Антось i Алесь хутка зар'ентавалiся ў чым справа. Раскажы што перад гэтай пахатухай, дык уся вёска заўтра ведаць будзе.

- Ну што ты, дзядзька Пракоп, - голасна сказаў Антось, - а што тут утойваць? Нiхай ведаюць людзо.

Настала нязручнае маўчаньне. Янук пазiраў у вакно, пасьля адвярнуўся.

- Паехалi, - паведамiў.

Аўдоля прысела каля хлопца на лаве й лiсьлiва зазiрнула яму ў вочы.

- Хто-ж гэта абраз пабiў, Янучок? - спытала.

- Сабакевiч, хто-ж яшчо, - адказаў злосны хлапец.

- А ягодка-ж мая, Сабакевiч, кажаш! - ахнула Аўдоля. - А навошта-ж яму абраз? Ён у яго есьцi прасiў, цi якой трасцы?

- Гэта-ж тату сiлай напаiць хацелi, а калi ён ня мог выпiць, дык як схопiць Косьцiк поўную шклянку самагонкi, ды як чарахнiць па абразе?

- От каб яго зiмля нi насiла, галадранца кусок! - плюнуў Алесь.

- А ягодка мая, гэта-ж цi так можна па абразе? Як яму ня грэх? дзiвiлася Аўдоля.

- Якi там грэх... басяк-жа ў Бога ня верыць, - спасьцярог Антось.

- Алi-ж чаму гэта па абразе? - дамагалася Аўдоля. - Што гэта было тутака, Пракоп?

Бахмач маўчаў. Ён дрыжэў пры стале, мусiць ня могучы вярнуць раўнавагi.

- Тата малiўся да Прадславы Апрасiньнi, ня мог гарэлкi зь iмi пiць, от што, - тлумачыў Янук.

- Дык што-ж, малiцца няможна? - заўважыў Алесь. - А чаму яны яго змушалi, за што гарэлку пiлi?

- За таварышча Сталiна й асвабаждзеньня, во за што... I Лявон ды Косьцiк пагражалi тату, што за таварышча Сталiна й за асвабаждзеньня трэба пiць да самюсенькага дна, а калi ён ня вып'iць, дык яны яму нешта пакажуць. Ну й паказалi, - выказаў адным дыхам Янук.

- А ягодка-ж мая, нявiданае-няслыханае, - охкала Аўдоля. - А дзе-ж гэта яны самагонку бралi, сынок?

- Ды ў вашага-ж купiлi, - адказаў Янук, - мяне пасылалi.

- У Тодара? - зьдзiвiлася Аўдоля.

- А ў каго-ж, - адказаў Янук.

- I колькi-ж ён узяў зь iх? - узрастала Аўдолiна цiкавасьць.

- Цэлы чырванец.

- Ты, хлапец, мусiць брэшаш. Быць гэтага ня можыць! - запратэставала пахатуха.

- Цётка Аўдоля, што гэта гавораце? Я вам сабака, цi што? - дзёрзка адказаў Янук.