Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 62

К Акула

Яшчэ не раскрылiся бальшавiцкае сацыяльна-праўнае аблiчча й цi хто ў Лiтоўцах мог мяркаваць, што й сам фактычны бацька камбеду, Лявон Шпунт, дый спэц-упаўнамочаны сельсавету, Косьцiк Сабакевiч, ад буйных кулакоў атожалкамi выводзiлiся, ды што ў будучынi пад бальшавiцкую касу мелi трапiць. Хто там цяпер мог карэньнем сацыяльнага паходжаньня цiкавiцца, калi ўсiм бедным было чаго ўволю цягаць, а пры тым цяганьнi ў прагавiтай мiтусьнi яшчэ дабро пад ногi таптаць.

Найбольш лакомiлiся мясцовыя камунiсты. "Грабiлi награбленае" не навосьлеп, а намагалiся рукi пагрэць ля больш каштоўнага й меншага, што ад непажаданага вока людзкога скрыць можна было. Ды ўся мясцовая рыбная дробязь i ўявiць не магла як нажывалiся тыя прыплыўшыя з чужога мора кiты. У параўнаньнi зь iмi мясцовыя жывiлiся адно крошкамi з багатага стала.

У некаторых вясковых хатах новае жыцьцё пачалося. Зусiм немалая перамена выразна вонкава ператварыла фармальнага старшыню камбеду. Цяпер Сымон Пятух непаваротлiва ацялюгваўся ў блiскучым сiнiм панскiм сурдуце, каторы, казалi, у асаднiка Лазоўскага сьцягнуў, у ботах з блiскучымi халявамi, прыгожых зялёных галiфэ портках, навет гальштук пару разоў прычапiць манiўся. Нябрыты й карэлы, як i раней, ён быццам стаўся навочным узорам тэй вядомай прыказкi: "з мужыка пан такi, як з гною куля". Лiтоўскiя хутка падгледзiлi, што ня зводзiлiся цяпер у Сымона маскоўскiя рублi й чэрвонцы, што пагладзеў ягоны жывот i твар, што ямчэй i больш адважна ў карцёжкi сьцёбаў. З горадзенскай махоркi на савецкiя карашкi перакiнуўся. Ня звычайныя, простыя, як раней, цыбукi, а хлёсткiя "казiныя ножкi" круцiў. Цi раз плявузгаў, што гатовых папяросаў уволю мог мець, але вялiчынёй не падходзiлi.

- Ну што-ж... разоў пяць пасасеш дый канец. А я-ж, самi во знаiця, як закапцiць дык каб закапцiць...

Павесялела ў Макатунiшынай хаце. Было ўволю й мукi, i бульбы, i мяса, i вопраткi. Мо спрычынiлася да гэтага й наглая страта Параскi. Як-нiяк, гэта бедная, Богам крыўджаная сям'я ў людзей на воку была. Мо таму й ня помсьцiўся Дунi за тую лупцоўку перад брамай на гасьцiнцы запраўдны рухавiк камбеду Лявон Шпунт. Лiтоўскiя чакалi нечага. Ня з тых выводзiўся Лявон, што крыўды дароўвалi. Але мусiць i Лявон i Косьцiк у забойстве Параскi вiнаватымi чулiся. Як-бы там нi было, а факт стаўся вiдавочным, што з тых багатых крынiцаў, адкуль цяпер рассыпалiся й на бакi пры рабаўнiчых налётах плёхала, чэрпалi вёдрамi цi прыгоршчамi й самыя найбяднейшыя, у тым лiку й Макатунiшкi.

Пры спажываньнi "награбленага" расла ў сэрцах сумленных бедных людзей удзячнасьць новай уладзе. Ня скупiлiся на пахвалы й мяркавалi, што цяпер запраўды тыя ненавiсныя гацi ў непраглядным лапцюжным балоце зь месца зрушылiся й пачне жыцьцё чыстай крынiцай бурлiць.