Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 64

К Акула

З-пад адхiленай палы сярмягi запраўды пазiраў на сьвятло дзённае празь вялiкiя дзiркi ў портках голы азадак.

Гэты зручны трык выклiкаў гром сьмеху. Бальшавiцкi афiцр пачырванеў, пачаў злосна лаяць селянiна й зараз паклiкаў "рэбят" у шапках з малiнавымi аколышкамi, каторыя пацягнулi вынаходлiвага дзядзьку ў НКВД. Выпадак стаўся публiчнай антысавецкай дэманстрацыяй. Казалi ў Лiтоўцах, што падзея адбылася на рынку ў Докшыцах, некаторыя называлi навет сьмелага дзядзьку. Адылi пра падобны выпадак апавядалi i ў iншых мясцовасьцях акупаванае краiны.

Быў i яшчэ адзiн факт першакляснага значэньня, што паглыбляў пропасьць мiж "вызвольнiкамi" й мясцовымi: як i раней, на замку стаяла калiшняя польска-савецкая мяжа, адно на зьмену зьненавiджанаму КОП'у прыйшла бальшавiцкая ахова з сабакамi.

- Чаму нi адчынiлi гранiцу? - пыталiся людзi. - Хвалiце дабро сваё, рай там нейкi, а паказаць мусiць баiцеся?

Акупанты тлумачылi, што ў Заходняй Беларусi, каторая пад акупацыяй "панскай Польшы" была, аж кiшэла ад шпiёнаў, дывэрсанатаў i непажаданага элемэнту, што мог-бы, калi-б адчынiць мяжу, перабрацца на той бок i цiмала шкоды нарабiць "гасударству" нарабiць. Але здаровы сялянскi розум браў афiцыйнае тлумачэньне на войстры зуб. Калi-ж вы, такiя нашы любыя браты, хочаце нас да сваiх родных, у тым лiку й бацькоўскiх Сталiнавых грудзей прытулiць, дык цi-ж вам якая дробная агэнтурная мошка замiнае? Чаму-ж такая сiла, як ваша, ды мае такой дробязi баяцца?

Асаблiва ўстрывожылiся тыя, каторыя радню ў Расеi мелi. Чакалi, што пасьля даўгой, штучнай разлукi вернуцца нарэшце дамоў родныя. Адылi незагойная рана на жывым народным целе, каторую некалi ў Рызе бальшавiцкiя й польскiя акупанты зрабiлi, крывавiлася далей. I сыпалася на яе маскоўская соль.

16

У гэну ранiцу прыгрэла крыху млявае ўжо сонца, аж дзед Якуб на прызбу вылез. Сядзеў, ссаў люльку, у пясок паплёўваў. Дзесьцi пад балотам гула малатарня, ля школы чуваць быў гоман дзяцей, лянiва зьвягаў у Пiлiпавым дварэ сабака. Пуставала Якубава хата. Нявестка дзесь упрочкi выбралася, а Васiль некаму падлогу клаў, цi хату апраўляў. Сачыў Якуб апошнiя ўздрыгi залатой восенi й мяркаваў што добрага цi што дрэннага прынясе зiма. З Рыгоравай варыўнi далятаў глухi гул жорнаў. Зь Пiлiпавага двору паказаўся Антось Дзяркач. Прычынiў весьнiчкi, стрымаўся, зiрнуў у вадзiн бок i другi бок вулiцы ды, спасьцярогшы дзеда, весела засьвiстаў i зусiм бяз посьпеху накiраваўся да Якубавай хаты.

- Здароў, дзед Якуб, - гукнуў на прывiтаньне.

- Здароў, Антось, - адказаў дзед. - Адкуль гэта й куды цябе гонiць?

- Нiкуды ня гонiць, да Пiлiпа забегся во.

Дзяцюк прысеў на прызьбе, плюнуў у пясок i неадлучнай бярозавай палкай пачаў "сарокам кашку мяшаць".

- Боты надумаўся пашыць, цi што?

- Эт, якiя там боты, - махнуў рукой Антось, - цяперака во Пiтуху, Шпунту цi Сабакевiчу боты шыiць, а нi нам, бiдалагам.