Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 63

К Акула

Адно больш цьвярозыя й разважлiвыя новым ладам зьбянтэжылiся, галовамi кiвалi й на словы сккупiлiся. Дзед Якуб, каторы вачмi праводзiў цi адну камбедаўскую, наладаваную дабром хурманку на вулiцы, зусiм адкрыта перасьцярогу выказаў: - Ну добра цяперака... нiхай пажывуць, паласуюцца. Iм-жа трэба. Галадранцы, век куску хлеба рады былi. Алi што браць будуць, як гэта скончыцца? Тады каго абiраць будуць?

А сыну Васiлю, што сталярскiм рамяслом у свей няспорнай гаспадарцы дзiркi затыкаў, дзед раiў: - Ты, Васiль, на чужое нi ляцi. Старой праўды нiхто ня зьменiць, а праўда тая кажыць, што чужое бокам вылiзiць. Што лёгка прыплывець, тое лёгка й сплывець. Няхай сабе гэныя панкi, каб iх макарэц, i абiралi нас. Нiхай сабе цяперака i iх абскубуць... ёсьцiка каго... алi дармавiзна нiзароблiная толька шкоду чалавеку робiць. Помнi, што толька тое добра спажываць цi шанаваць будзеш, каторае сваiм мазалём заробiш.

Паслухаў сын бацькавых парадаў i не пайшоў у камбед, хоць i спанукалi яго.

Людзi на дзедаву перасьцярогу адказвалi: - Чаго ты, дзед, бядуiш? Як тую зямлю падзелюць, ды пасеюць i пасадзюць i ўсiм уволю будзiць...

Кiваў дзед галавой, неразборлiва пад носам гудзеў, або самасеечным дымам пярхiкаў. I хто мог тады падазраваць, якой вялiкай дзедава перасьцярога была.

Тыя, што назiраць умелi, вялiкiя кантрасты навокал спасьцераглi. Савецкая "салдатня" пэрыядычна й настырлiва ўводзiла ўсiм у вушы пра вялiкае шчасьце, прост-напраст зямны рай на тым баку. Калгасы й саўгасы сама дасканалымi iнстытуцыямi на зямлi сталiся, улада рабочым i сялянам належала, усе ўсяго ўволю мелi, галiта дрэнным няслаўным успамiнам сталася. Пра ўсiх i ўсё клапацiўся наймудрэйшы й найгэнiяльнейшы "настаўнiк i бацька ўсiх народаў". Адылi апавяданьнi тыя пра райскi дабрабыт былi нагэтулькi на "адзiн капыл шытыя", так усё цюцелька ў цюцельку да сябе падобныя, што хiба апошнi дурань гэта ўсё за добрую манэту ўзяў-бы.

У гарадох i мястэчках бальшавiцкая "салдатня" - гэтак папулярна называлi чужынцаў, - неўзабаве ўсе крамы пачысьцiла. На рынку сялянскае дабро аграмадны спрос мела, а ад чырвонцаў у тэй "салдатнi" кiшэнi трашчэлi. Ля "сяльпоў" i "гарпоў" кiлямэтравыя чэргi за хлебам, сольлю, нафтай i цукрам стаялi. Зусiм у новым значэньнi атаўбавалася слова "даюць" i выцiснула нармальна ўжыванае "прадаюць".

Разважлiвы й асьцярожны беларускi селянiн цi мяшчанiн параўноўваў апавяданьнi пра "рай" з нагляднымi фактамi, ды зь няскрыванай iронiяй пытаўся: - Калi-ж ў вас такi рай тамака, дык чаго-ж вы, як шараньча, на нашу бяду налятаеце? Эгэ, мусiць дрэнь тамака ў вас...

I няхто ня ведаў дзе нарадзiўся пашыраны па цэлай новазабранай краiне той да глыбiнi сэрца сваiм трагiзмам кранаючы жарт пра нейкага сярмяжнiка. У гурце сялянаў, што мiж вазоў на кiрмашным рынку гаманiлi, стаяў высокi селянiн у сярмязе. Ён маўклiва i ўважна слухаў як бальшавiцкi афiцэр апавядаў пра залаты дабрабыт на сваей радзiме. Жаўнер зручна й хiтра адказваў на розныя кручкаватыя пытаньнi. Дрыжэў селянiнаў твар i ў вадзiн момант, калi, здавалася, цярплiвасьць ягоная скончылася, адкiнуў палу сярмягi ззаду й зьдзеклiвым голасам сказаў: - Калi нi было савету, ня вiдзiў азадак сьвету, а як прыйшоў савет, дык увiдзiў азадак сьвет.